Ягор Шарамкоў заваяваў срэбра ў апорным скачку на Універсіядзе ў Неапалі



Беларускі гімнаст Ягор Шарамкоў заваяваў сярэбраны медаль у апорным скачку на 30-й Сусветнай летняй Універсіядзе, якая праходзіць у Неапалі.

На вышэйшую прыступку п’едэстала гонару ў гэтай дысцыпліне падняўся атлет з Рэспублікі Карэя Хан-Соль Кім, на трэцяй пазіцыі спыніўся бразільскі спартовец Луіс Порта.

Ягор Герасімаў стаў пераможцам Чэленджара у Італіі

Ягор Герасімаў (167 АТП) стаў пераможцам турніру ў Рэканаці (Італія). У фінале беларус у двух сэтах абыграў гаспадара корта Раберта Маркора (215 АТП) – 6:2, 7:5.

Амерыканка Серэна Уільямс аформіла выхад у чвэрцьфінал Уімблдонскага тэніснага турніру

Уільямс у матчы чацвёртага круга перайграла іспанку Карлу Суарэс-Навара (30) з лікам 6:2, 6:2. Наступнай суперніцай 37-гадовай амерыканскай тэнісісткі будзе яе суайчынніца Элісан Рызке, якая сенсацыйна выбіла з барацьбы першую ракетку свету аўстралійку Эшлі Барці.

Віталь Жук стаў першым, у зборнай Беларусі серабро ў камандным заліку на ЧЕ па мнагабор’ях

Беларускі дзесяціборац Віталь Жук заваяваў першае месца ў індывідуальным заліку, зборная Беларусі заняла другое выніковае месца каманднага чэмпіянату Еўропы па мнагабор’ях. На спаборніцтвах, якія праходзілі ва ўкраінскім Луцку, Віталь Жук набраў у суме 10 відаў праграмы 8 237 ачкоў. Яшчэ адзін беларус Эдуард Міхан заняў 12-е месца. Сярэбраны прызёр пекінскай Алімпіяды Андрэй Краўчанка, які нядаўна вярнуўся пасля цяжкай траўмы, апынуўся на 15-й выніковай пазіцыі

Вера Лапко рассталася з асабістым трэнерам Уладзімірам Круком

Чацвёртая ракетка Беларусі Вера Лапко (N 106 ВТА) рассталася з асабістым трэнерам Уладзімірам Круком. Пра гэта Pressball.by распавяла капітан зборнай Беларусі ў Кубку федэрацыі Таццяна Пучак. У апошніх дзевяці матчах Вера Лапко пацярпела восем паразаў. На Уімблдонскім турніры беларуска выбыла з барацьбы ў першым раўндзе. Пад кіраўніцтвам Уладзіміра Крука беларуска даходзіла да 60-й пазіцыі ў рэйтынгу ВТА.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя