Ягор Шаранговіч набраў два ачкі ў матчы чэмпіянату НХЛ



У чарговым матчы НХЛ рэгулярнага чэмпіянату НХЛ „Нью-Джэрсі”, ведучы ў ліку 3:1, пацярпеў дамашнюю паразу ад „Тампы” — 3:6. Беларускі форвард гаспадароў Ягор Шаранговіч закінуў шайбу і аддаў выніковую перадачу. Шаранговіч правёў на пляцоўцы 19 хвілін 21 секунду, нанёс тры кідкі, здзейсніў адну страту, выйграў адно з чатырох укідванняў і набраў „0” па сістэме „плюс-мінус”.

Арына Сабаленка выйшла ў 1/8 фіналу тэніснага турніру ў Дубаі

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка пераможна стартавала на турніры ў Дубаі. У матчы 1/16 фіналу другая ракетка планеты ўпэўнена перайграла ў двух сэтах украінку Марту Касцюк (49-ы нумар сусветнага рэйтынгу) – 6:4, 6:1. Наступнай саперніцай Арыны Сабаленкі будзе чэшская тэнісістка Петра Квітава (25). Яшчэ адна беларуска Вікторыя Азаранка (17) у першым раундзе ўступіла расейскай тэнісістцы Вераніцы Кудзерметавай (31) – 3:6, 4:6.

Беларус Андрэй Васілеўскі і прадстаўнік Манака Рамэн Арнеада выбылі ў 1/8 фіналу парнага разраду турніру АТП-250 у Марсэлі. Інтэрнацыянальны дуэт саступіў польскай пары Шымон Валкаў / Ян Зяліньскі — 2:6, 2:6.

Зборная Славакіі адолела каманду ЗША ў матчы 1/4 фіналу алімпійскага хакейнага турніру

Зборная Славакіі перамагла каманду ЗША ў матчы 1/4 фіналу хакейнага турніру на Алімпіядзе-2022. Асноўны час скончыўся ўнічыю – 2:2, а ў серыі булітаў галкіпер зборнай Славакіі Патрык Рыбар не дазволіў супернікам рэалізаваць ніводны з пяці кідкоў па брамцы – 3:2 на карысць славакаў.

Аляксандр Сяднёў працягне трэніраваць „Ардабасы”

Прэс-служба „Ардабасы” аб’явіла аб працягу кантракта з 48-гадовым беларускім спецыялістам Аляксандрам Сяднёвым. Сяднёў стаў галоўным трэнерам казахстанскага клуба ў студзені 2021 года. У мінулым сезоне шымкентцы пад кіраўніцтвам беларуса занялі пятае месца ў казахстанскай Прэм’ер Лізе.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя