Ягор Шаранговіч закінуў шайбу ў другім матчы запар



Ноччу ў рамках рэгулярнага чэмпіянату НХЛ „Нью-Джэрсі” перамог „Бафала”. Беларускі нападнік „д’яблаў” Ягор Шаранговіч закінуў шостую ў сезоне шайбу.

Па гэтым паказчыку ён дзеліць трэцяе месца ў „Девілз” з Джэкам Х’юзам. Больш закінулі толькі Майлз Вуд (9) і Павел Заха (7). Сярод усіх пачаткоўцаў НХЛ Шаранговіч дзеліць чацвёртае месца ў снайперскім спісе. Вышэй толькі Філіп Кураш (7), Пьюс Сутэр (8) і Кірыл Капрызаў (10). Па набраных ачках Шаранговіч займае дзявятае месца ў камандзе – у яго актыве дзесяць балаў. „Нью-Джэрсі” перапыніў 11-матчавую серыю паразаў на хатнім лёдзе.

Марозава і Сасновіч выйшлі ў 1/4 фіналу парнага разраду тэніснага турніру ў Санкт-Пецярбургу

Беларускія тэнісісткі Лідзія Марозава і Аляксандра Сасновіч выйшлі ў чвэрцьфінал парнага разраду турніру катэгорыі WTA500 ў Санкт-Пецярбургу. У 1/8 фіналу беларускі дуэт абыграў расейскіх тэнісістак Кацярыну Шалімаву і Дар’ю Мішыну – 6:3, 6:2.

Беларускі тэнісіст Ілля Івашка прайграў у першым крузе „Чэленджара” ў італьянскай Біеле немцу Яніку Мэдану – 3:6, 7:5, 4:6

Ягор Герасімаў – у асноўнай сетцы прадстаўнічага турніру „Маямі Опен” серыі „ATP Masters 1000”. Спаборніцтвы пройдуць у Маямі, ЗША, з 24 сакавіка па 4 красавіка.

Валейбалісты „Будаўніка” выйшлі ў фінал чэмпіянату Беларусі

Валейбалісты „Будаўніка” выйшлі ў фінал чэмпіянату Беларусі. Каманда Аляксандра Сінгаеўскага ў хатнім паядынку перамагла гомельскую „Энергію” – 3:0 (25:20, 25:14, 25:16). Лік у серыі да дзвюх перамог стаў 2:0 на карысць менчукоў. Самымі выніковымі ў пераможцаў сталі Ілля Марозаў і Канстанцін Панасенка, якія зарабілі па 11 ачкоў.

Аляксандра Раманоўская: прапановы выступаць за іншыя зборныя былі

Чэмпіёнка свету па фрыстайле Аляксандра Раманоўская распавяла, што ёй паступалі прапановы выступаць за іншыя зборныя. «Прапановы былі, але я іх не разглядала. Я заўсёды думала пра тое, што буду скакаць за тую краіну, у якой нарадзілася. Нават не ўнікаючы ў падрабязнасці прапаноў, я адразу ад іх адмаўлялася. Я ўсё яшчэ веру, што ў мяне атрымаецца аднавіцца і выступаць за Беларусь. Я пакуль што яшчэ пазмагаюся за гэтую магчымасць”, – распавяла Раманаўская ў эфіры канала” Маланка „.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

 Фота: twitter.com/NJDevils