Ягор Шаранговіч збіраецца выступіць на чэмпіянаце свету-2021



Беларускі форвард Ягор Шаранговіч ў гэтым сезоне правёў ужо 88 матчаў на вышэйшым узроўні. Нападнік пачынаў сезон у складзе менскага „Дынама”. У рэгулярным чэмпіянаце КХЛ менчанін згуляў 34 матчы і набраў 25 (17 + 8) балаў пры паказчыку карыснасці „+11”. У канцы снежня Ягор з’ехаў у размяшчэнне „Нью-Джэрсі”, прайшоў яшчэ адну перадсезонку і заваяваў месца ў складзе „Дэвілз”. У рэгулярным чэмпіянаце НХЛ беларус згуляў 54 матчы і набраў 30 (16 + 14) ачкоў пры каэфіцыенце „-4”. Такім чынам, у гэтым сезоне Шаранговіч зарабіў 55 (33 + 22) ачкоў у 88 сустрэчах на ўзроўні КХЛ і НХЛ. Па звестках заакіянскай прэсы, нападнік збіраецца дапамагчы зборнай Беларусі на чэмпіянаце свету ў Рызе. На групавым этапе нацыянальнай камандзе трэба правесці сем матчаў. Турнір стартуе 21 траўня.

Беларускія клубы пазнаюць сваіх супернікаў у еўракубках 15 чэрвеня

У гэты дзень адбудзецца лёсаванне першага і другога раўндаў кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў і Лігі канферэнцый. Чэмпіён Беларусі салігорскі „Шахцёр” стартуе з першага кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў. Прызёры БАТЭ і „Тарпеда-БелАЗ” пачнуць выступ у еўракубках з другога кваліфікацыйнага раўнду Лігі канферэнцый. Таксама ў другім раўндзе Лігі канферэнцый згуляе „Іслач” (калі пераможа ў фінале Кубка Беларусі) або берасцейскае „Дынама” (калі Кубак выйграе БАТЭ). Фінал Кубка БАТЭ – „Іслач” адбудзецца 23 траўня ў Гомелі.

Дарбо прызнаны найлепшым гульцом футбольнага чэмпіянату Беларусі ў красавіку

Дэмба Дарбо прызнаны найлепшым гульцом футбольнага чэмпіянату Беларусі ў красавіку. Такі вынік традыцыйнага апытання асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”, у якім удзельнічаюць журналісты вядучых беларускіх СМІ. Гамбійскі форвард салігорскага „Шахцёра” у красавіку забіў сем мячоў. У матчы з берасцейскім „Рухам” Дарбо аформіў хет-трык, а ў гульнях з „Іслаччу” і мазырскай „Славіяй” забіваў па два мячы. Пасля васьмі праведзеных тураў ён лідыруе ў бамбардзірскай гонцы, забіўшы дзевяць мячоў. Лепшым трэнерам красавіцкага адрэзка чэмпіянату Беларусі стаў украінскі настаўнік „Шахцёра” Раман Грыгарчук.

Беларускія футбалісты занялі 3-е месца на юнацкім турніры ў Харватыі

Футбалісты юнацкай зборнай Беларусі (U-15) занялі трэцяе месца на міжнародным турніры ў харвацкім Заграбе. У паядынку за трэцюю пазіцыю падначаленыя Дзмітрыя Караткевіча перамаглі аднагодкаў з Літвы з мінімальнай перавагай 1:0. Адзіны мяч у гэтай сустрэчы забіў Радзівон Мядзведзеў, які вызначыўся на 50-й хвіліне гульні. На папярэднім этапе гэтых спаборніцтваў беларусы адолелі каманды Паўночнай Македоніі 4:2 і Балгарыі 2:1, а таксама саступілі гаспадарам турніру харватам з лікам 1:3. Харвацкія футбалісты сталі пераможцамі спаборніцтваў, абыграўшы ў вырашальным паядынку расейцаў у серыі пасляматчавых пенальці – 5:3 (асноўны час скончыўся з лікам 1: 1).

„Манчэстар Сіці” у сёмы раз у гісторыі выйграў чэмпіянат Англіі

„Манчэстар Сіці” у сёмы раз у гісторыі стаў чэмпіёнам Англіі. „Гараджане” датэрмінова ўзялі тытул пасля паразы „Манчэстар Юнайтэд” ад „Лестэра” у паядынку 36-га тура з лікам 1:2. За тры туры да завяршэння чэмпіянату „Сіці” апярэджвае „Юнайтэд” на дзесяць ачкоў. „Гараджане” узялі тытул у трэці раз за апошнія чатыры гады. „Манчэстар Юнайтэд” фінішаваў ніжэй за „гараджанаў” 8-ы раз запар. Серыя пачалася пасля сыходу Алекса Фергюсана з пасады галоўнага трэнера каманды пасля заканчэння сезона-2012/13 – тады „МЮ” выйграў АПЛ, а „Сіці” завяршыў сезон на другім месцы.

«Барселона» згуляла ўнічыю з «Левантэ»

У матчы 36-га тура іспанскай Прымеры «Левантэ» прымаў на сваім полі «Барселону». Сустрэча праходзіла ў Валенсіі і завяршылася з лікам 3:3.

У першым тайме «Барселона» забяспечыла сабе камфортную перавагу. На 25-й хвіліне лік у матчы адкрыў Ліянэль Месі, а на 34-й хвіліне перавагу сіне-гранатавых падвоіў Педра. Аднак ужо ў пачатку другой паловы сустрэчы «Левантэ» аднавіў статус-кво. На 57-й хвіліне гол забіў Гансала Мелера, а праз дзве хвіліны адзначыўся Хасэ Луіс Маралес.

На 64-й хвіліне «Барселона» зноў выйшла наперад намаганнямі Усмана Дэмбеле, але і на гэты гол гасцей «Левантэ» здолеў адказаць. На 83-й хвіліне Серхіа Ліён зраўняў лік. «Барселона» у 36 матчах набрала 76 ачкоў і займае другое месца ў турнірнай табліцы. Лідарам спаборніцтваў з’яўляецца мадрыдскі «Атлетыка», у якога 77 ачкоў, у тройку таксама ўваходзіць мадрыдскі «Рэал», маючы 75 балаў. Абедзве мадрыдскія каманды маюць гульню ў запасе.

Смалявіцкая „Вікторыя” выйшла ў фінал чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па хакеі на траве

Каманда хакейнага клуба „Вікторыя” (Смалявічы) выйшла ў фінал чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве сярод жаночых каманд. „Вікторыя” вырвала вырашальную перамогу ў паўфінальнай серыі плэй-оф у гарадзенскага „Рытма” з лікам 6:5.

Муж Герасімені Яўген Цуркін выступіць за зборную Беларусі на чэмпіянаце Еўропы-2021

У Будапешце стартаваў чэмпіянат Еўропы па водных відах спорту. Першымі ў барацьбу за медалі ўступілі прадстаўнікі сінхроннага плавання і скачкоў у ваду. 17 траўня пачнуць выступ плыўцы ў алімпійскім, 50-метровым, басейне. Беларуская каманда адправіць на кантынентальны форум, які з’яўляецца важным стартам перад Гульнямі ў Токіа, дзесяць атлетаў. У іх ліку Яўген Цуркін, муж трохразовай прызёркі Алімпійскіх гульняў Аляксандры Герасімені.

Беларускае Радыё Рацыя