Як расейскія “інвестары” “пахавалі” футбольную каманду
Футбольная бабруйская “Белшына” шукала лёгкіх грошай, але гісторыя закончылася для каманды сумна.
Нагадаем, яшчэ напярэдадні апошняга футбольнага сезона ў “Белшыны” з’явіліся нейкія расейскія інвестары, якія доўгі час заставіліся “таямнічымі незнаёмцамі”. Хадзілі чуткі, што тыя збіраюцца ўкласці мільён еўра ў развіццё клуба, пабудуюць у Бабруйску футбольную акадэмію… Але ў выніку сёння гэтых “інвестараў” і след прастыў, а “Белшына”, якая ў мінулым сезоне заняла ў першынстве ганаровае 4-е месца, па выніках гэтага чэмпіянату і ўвогуле пакінула вышэйшую лігу.
“Гэты зыход прагназаваўся яшчэ напачатку сезона, калі расейцы толькі з’явіліся, – распавёў чалавек, які добра ведае, што адбывалася ў бабруйскім клубе. – Яны яшчэ тады больш нагадвалі нейкіх “тусоўшчыкаў”, чым сур’ёзных людзей, якіх цікавіць канкрэтны футбольны праект. У такіх людзей, як правіла, ёсць нейкія знаёмствы з чынавенствам, сувязі… Кажуць, што менавіта такім чынам расейцы і выйшлі на абласное кіраўніцтва, якое затым ужо гарой стаяла за гэтых гора-“партнёраў”. Бабруйскае гарадское начальства таксама, відаць, напалохалася высокіх заступнікаў “інвестараў”, бо нярэдка даводзілася нават чуць: “Вы не ўяўляеце, хто за імі стаіць! Нам галовы адкруцяць, калі пойдзем супраць іх”.
Са слоў суразмоўцы, расейцы напачатку абяцалі ўкласці ў клуб мільён еўра, але затым заявілі, што “іх не так зразумелі”.
“Натуральна, ніякага мільёна ніхто не ўбачыў, – дадае суразмоўца. – Расейцы пры гэтым адзначалі, што купілі форму для каманды, фінансавалі збор, хаця не магу сказаць, ці дакладная і гэтая інфармацыя. Аднак вядома, што “партнёры” даплочвалі ў дадатак да афіцыйнага заробку тым футбалістам і спецыялістам, якіх прывялі ў каманду. Калі яны толькі прыйшлі, адразу ж адправілі ў адстаўку галоўнага трэнера, паўкаманды разагналі. Думалі, што новым складам будуць штурмаваць вяршыні беларускага і еўрапейскага футбола. А закончылася ўсё вельмі сумна. У Лігу Еўропы не патрапілі, у чэмпіянаце Беларусі таксама прайгравалі… У выніку ўжо летам расейцы збеглі з Бабруйска, а каманда ў выніку выляцела з вышэйшай лігі. Адным словам, узялі і за сезон практычна “пахавалі” каманду. Вось ужо праўду кажуць: “Бясплатны сыр бывае толькі ў пастцы”.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя