„Янг Бойз” адолеў „Ферэнцвараш”, „Мальме” перамог „Лудагорац”



Швейцарскі „Янг Бойз” на сваім полі адолеў венгерскі „Ференцвараш” 3:2 у першым матчы раўнда плэй-оф кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. Прычым з сярэдзіны другога тайма гаспадары поля гулялі ў меншыстве. У іншым матчы гэтай стадыі шведскі „Мальмёна хатняй арэне перамог балгарскі „Лудагорац” – 2: 0. З такім жа лікам шатландскі „Селтык” абыграў нідэрландскі АЗ у першым матчы плэй-оф кваліфікацыі Лігі Еўропы.

Беларускія футбалісткі прайгралі ў матчах жаночай Лігі чэмпіёнаў

Беларускія футбалісткі няўдала правялі стартавыя матчы новага сезона жаночай Лігі чэмпіёнаў. Чэмпіёнкі краіны з менскага „Дынама-БДУФК” ў дадатковы час прайгралі ў кіпрскім Лімасоле мясцоваму аднайменнаму клубу з лікам 0:2. Віцэ-чэмпіёнкі Беларусі ФК „Мінск” у Нарвегіі саступілі мясцоваму „Тронхейму” 1:2. На 29-й хвіліне гаспадыні выйшлі наперад, праз 10 хвілін Арміса Куч аднавіла раўнавагу, а ў сярэдзіне другой паловы гульні „Тронхейм” забіў пераможны гол. Такім чынам, абодва беларускія прадстаўнікі страцілі шанцы прабіцца ў групавы этап чэмпіёнскай Лігі.

Кіеўскае „Дынама” не здолела адолець аўтсайдэра

У матчы чацвёртага тура чэмпіянату Украіны кіеўскае „Дынама” на выездзе не змагло адолець „Інгулец” – 1:1. Кіяўляне адкрылі лік на 71-й хвіліне дзякуючы аўтаголу Міхаіла Шышкі. У „Інгульца” вызначыўся Ілля Каваленка. Беларускі нападнік кіяўлянаў Ілля Шкурын увесь матч правёў у запасе. „Дынама” займае другое месца ў турнірнай табліцы, маючы ў актыве дзесяць ачкоў. У „Інгульца” адно ачко і апошняе месца.

Гандбалісты менскага СКА перамаглі ЦСКА ў першым матчы турніру ў Маскве

Гандбалісты менскага СКА з перамогі пачалі выступы на міжнародным турніры ў Маскве. У першым паядынку папярэдняй групы В віцэ-чэмпіёны Беларусі сустракаліся з маскоўскім ЦСКА, у якім выступае беларус Алег Астрашапкін, і выйгралі з мінімальным перавагай – 32:31. Сёння супернікам падначаленых Ігара Папругі будзе яшчэ адзін расейскі клуб – „Пермскія мядзведзі”.

Вікторыя Азаранка выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў Цынцынаці

Вікторыя Азаранка выйшла ў 1/8 фіналу турніру катэгорыі ВТА 1000 у Цынцынаці з прызавым фондам 2 114 989 даляраў. На стадыі 1/16 фіналу беларуска ў двух сэтах абыграла амерыканку Элісан Рыск – 6:2, 7:5. Трэцяя ракетка планеты беларуска Арына Сабаленка пацярпела паразу ад 31-й ракеткі свету іспанкі Паулы Бадосы з лікам 7:5, 2:6, 6:7.

Браты Касціцыны пакінулі „Шахцёр”

Андрэй і Сяргей Касціцыны пакінулі салігорскі „Шахцёр”, паведамляе Belarus Hockey. Гарнякі пакуль не абвясцілі аб расставанні з хакеістамі. Дзе яны працягнуць кар’еру на дадзены момант невядома. Касціцыны ярка праявілі сябе ў матчах Кубка Салея. У 6 матчах Андрэй вызначыўся 2 (0 + 2) баламі, а Сяргей зарабіў 5 (4 + 1) балаў у 7 паядынках.

Зборная Беларусі не выступіць на ЧС па летнім біятлоне

Зборная Беларусі не будзе ўдзельнічаць у чэмпіянаце свету па летнім біятлоне ў Чэхіі. «Мы не падавалі заяўку на ўдзел», – паведамілі ў прэс-службе Беларускай федэрацыі біятлона. Чэмпіянат свету па летнім біятлоне пройдзе з 26 па 29 жніўня ў чэшскім Новэ-Месца.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя