Яркі футбольны спектакль у Варшаве



У фінале футбольнай Лігі Еўропы украінскі „Дніпро” і іспанская „Севілья” на полі варшаўскага стадыёну паказалі шматлікім гледачам яркае відовішча.

Ужо першы тайм прынёс ажно чатыры галы. Лік быў адкрыты ўжо на 7-й хвіліне, калі дняпроўцам удалася імклівая контратака: бразілец Матэус выразаў у цэнтр штрафной філігранны крос, а іншы легіянер украінскага клубу серб Нікола Калініч галавой даслаў мяч у сетку.  У стартавым складзе „Дняпра”, дарэчы выйшла 6 украінцаў і 5 замежнікаў. „Севілья”, як больш дасведчаная каманда. мела тэрытарыяльную перавагу і вяла рэй. Гжэгаж Крыхавяк ледзь не параўняў лік, але яго ўдар галавой парыраваў брамнік Дзяніс Бойка. І ўсё ж паляк на родным стадыёне дамогся свайго. Пасля ўдалага розыгрышу кутняга, ён падпрацаваў мяч і трапна прабіў. Здарылася гэта на 28-й хвіліне. Натхнёныя андалузцы працягнулі штурм і неўзабаве форвард Карлас Бака, выйшаўшы сам на сам з галкіперам, вывеў наперад „Севілью”. Украінцы адыграліся за 2 хвіліны да перапынку – гэта капітан Руслан Ротань узорна і вынікова выканаў штрафны – 2:2.

У другім тайме на 73-й хвіліне калумбіец Карлас Бака скарыстаўся пазіцыйным правалам цэнтру абароны „Дняпра” і забіў свой другі мяч у сустрэчы.  Ён і стаўся вырашальным – 3:2 на карысць „Севільі”.

„Севілья” усталявала рэкорд, выйграўшы 4-ы  з чатырох сваіх фіналаў Лігі Еўропы.

Беларускае Радыё Рацыя