Яшчэ адзін трылер на футбольным Еўра



Неверагодныя два матчы 1/8 фіналу здарыліся ў панядзелак. У іх было зафіксавана ажно 14 галоў.

Другі трылер дня здарыўся ў Бухарэсце, дзе змагаліся чэмпіён свету – каманда Францыі – і дружына Швайцарыі. Гельветы вельмі моцна згулялі ў першым тайме і дамагліся голу Хафіса Сеферавіча, які даслаў мяч у сетку ў фірмовым стылі – галавой.

У пачатку другога тайма „крыжаносцы” маглі павялічыць сваю перавагу, але Радрыгес не рэалізаваў пенальці – яго ўдар узяў Уга Льёрыс. Услед Карым Бенезема двойчы тарпедаваў браму Швайцарыі – стала 2:1 на карысць „трохкаляровых”. На 75-й хвіліне Поль Пагба забіў трэці мяч для Францыі. Здавалася, што швайцарцы зламаюцца, але каманда Уладзіміра Петкавіча выявіла сапраўдны футбольны гераізм. На 81-й хвіліне Сеферавіч зноў выйграў другі паверх і скараціў розніцу ў ліку. А на апошняй хвіліне Марыё Гаўранавіч бліскучымі дзеяннямі ўсталяваў лік на 3:3.

Дадатковы час галоў не прынёс. А ў серыі пенальці не быў рэалізаваны самы апошні 11-мятровы: няўдачнікам стаў Кіліян Мбапэ – Ян Зоммер адбіў мяч і праз некалькі секунд апынуўся ў абдымках сяброў па камандзе.

Выйграўшы 5-4 па пенальці, Швайцарыя выйшла ў чвэрцьфінал, дзе сустрэнецца з Іспаніяй.

Беларускае Радыё Рацыя