Яўген Аксянцюк стаў лепшым бамбардзірам каманды
У юніёрскай лізе Антарыа „Флінт Файрбердс” у гасцях разграміў „Сарнію Сцінг” – 8:2 (4:0, 3:0, 1:2). Такім чынам, „Флінт” падоўжыў рэкордную ў гісторыю клуба пераможную выязную серыю ўжо да 12 матчаў.
Беларускі форвард „Флінта” Яўген Аксянцюк адкрыў лік і зарабіў два асістэнцкіх балы. Беларускі абаронца „Флінта” Уладзіслаў Калячонак зарабіў асіст. У 53 матчах сезона Аксянцюк набраў ужо 72 (31+41). Беларус стаў лепшым бамбардзірам каманды. Уладзіслаў Калячонак у 48 матчах чэмпіянату набраў 32 (11+21). Ён на 3 балы перасягнуў свой леташні паказчык выніковасці, калі зарабіў 29 (4+25) ачкоў у 53 сустрэчах.
Нарвежцы выйгралі сінгл-мікст на ЧЕ па біятлоне ў „Раўбічах”, беларусы – 13-я
Нарвежскі дуэт выйграў адзіночную змешаную эстафету на чэмпіянаце Еўропы па біятлоне, які праходзіць у «Раўбічах». На другой пазіцыі размясціліся нямецкія біятланісты. Замкнула тройку лідараў украінская каманда. Беларускі дуэт у складзе Ганны Солы і Віктара Крыўко размясціўся на 13-й пазіцыі выніковага пратаколу.
Беларускія лёгкаатлеты сталі другімі на міжнароднай юніёрскай сустрэчы ў Менску
Каманда Беларусі заняла другое месца ў міжнароднай юніёрскай матчавай сустрэчы па лёгкай атлетыцы, паведамляе прэс-служба Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі. Гаспадары набралі ў суме 220 балаў. Першай стала зборная Італіі (241 пункт). На трэцім радку выніковага пратаколу размясцілася каманда Польшчы, якая набрала 218 ачкоў.
Хасэп Гвардзьёла – рэкардсмен Лігі чэмпіёнаў па перамогах у плэй-оф
Галоўны трэнер „Манчэстэр Сіці” Пеп Гвардзьёла ўстанавіў рэкорд па колькасці перамог у плэй-оф Лігі чэмпіёнаў. Перамога над „Рэалам” у першым матчы 1/8 фіналу (2:1) стала для 49-гадовага спецыяліста 28-й у матчах на выбыванне. Гвардзьёла абышоў Жазэ Мурынью, Карла Анчалоці і Алекса Фергюсана (па 27 перамог).
Хакеісты менскага „Дынама” завяршаюць чэмпіянат КХЛ сустрэчай з аднаклубнікамі з Масквы
Хакеісты менскага „Дынама” сёння завершаць выступленне ў чэмпіянаце КХЛ хатняй сустрэчай з маскоўскімі аднаклубнікамі. Дынамаўскае дэрбі на лёдзе „Менск-Арэны” пачнецца ў 19.10. Маскоўскае „Дынама” забяспечыла сабе выхад у плэй-оф Кубка Гагарына, а менчукі даўно страцілі шанцы працягнуць барацьбу за галоўны трафей КХЛ. Цяперашні сезон падапечныя Крэйга Вудкрафта правялі няўдала. У 61 матчы яны набралі толькі 37 ачкоў, закінуўшы 131 шайбу і прапусціўшы 229. Гэта горшыя паказчыкі сярод усіх 24 клубаў Кантынентальнай хакейнай лігі.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: twitter.com/FlintFirebirds