Яўген Каралёк выйграў срэбра ЧЕ па веласпорце на трэку



Беларус Яўген Каралёк выйграў срэбра чэмпіянату Еўропы па веласпорце на трэку ў дысцыпліне омніум. Беларускі спартовец набраў па ходу гонкі 116 ачкоў. На 12 пунктаў яго змог апярэдзіць брытанец Мэцью Уолс. Партугалец Юрый Лейтао, які стаў бронзавым медалістам, саступіў Яўгену Каральку адзін бал. Гэта другі медаль для беларускай зборнай на чэмпіянаце Еўропы па веласпорце на трэку ў балгарскім Плоўдзіве. Раней срэбра ў скрэтчы выйграла Ганна Церах.

Сабаленка выйшла ў паўфінал тэніснага турніру ў Лінцы

Беларуска Арына Сабаленка, якая займае 11-ы радок сусветнага рэйтынгу, стала паўфіналісткай турніру ў аўстрыйскім Лінцы з прызавым фондам 202 тысячы даляраў.  У чвэрцьфінальным паядынку з прадстаўніцай Францыі 115-й ракеткай планеты Осеан Додэн беларуска выйграла першы сэт з лікам 6:3, а ў другой партыі пры ліку 3:3 суперніца не змагла працягнуць сустрэчу. У гульні за трапленне ў фінал Арына сустрэнецца з чэшскай тэнісісткай Барбарай Крэйчыкавай, якая ў 1/4 фіналу перамагла беларуску Аляксандру Сасновіч – 6:3, 6:1.

У пятніцу, 13-га, у менскім „Дынама” стала 13 легіянераў

Канадскі абаронца Раян Мэрфі, які заключыў напярэдадні кантракт з менскім „Дынама”, стаў 13-м легіянерам у складзе беларускай каманды.

Найбольшае замежнае прадстаўніцтва ў складзе „зуброў” мае Канада – шэсць хакеістаў. Акрамя Мэрфі, гэта брамнік Дэні Тэйлар, нападнікі Роб Клінкхамер, Франсіс Парэ, Брэндан Козун і Раян Спунэр.

Таксама за „Дынама” выступаюць чэшскі брамнік Дамінік Фурх, абаронцы Адам Альмквіст са Швецыі і амерыканец Брэнан Менэл, нападнікі Іван Лодня і Шэйн Прынс (абодва – ЗША) ды расейцы Раман Гарбуноў і Кірыл Варонін.

Жазэ Мурынью дыскваліфікаваны на адзін матч

Галоўны трэнер лонданскага «Тотэнхэма» Жазэ Мурынью дыскваліфікаваны на адзін матч Лігі Еўропы. Партугалец прызнаны вінаватым за позні старт гасцявога матчу 2-га тура групавога этапу Лігі Еўропы супраць „Антверпэна”, які яго каманда прайграла 0:1. „Шпоры” былі аштрафаваныя дысцыплінарным органам УЕФА на 25 тысяч еўра за позні старт, а таксама яшчэ на 3 тысячы еўра за парушэнне правілаў экіпіроўкі. УЕФА заявіла, што дыскваліфікацыя Мурынью з’яўляецца ўмоўнай, з выпрабавальным тэрмінам у адзін год, пачынаючы з даты прыняцця рашэння.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя