Яўген Каралёк выйграў золата на этапе Кубка нацый па веласпорце
Яўген Каралёк выйграў золата на этапе Кубка нацый па веласпорце на трэку ў Санкт-Пецярбургу. Шчаслівай для яго стала дысцыпліна омніум. Яўген Каралёк здолеў выйграць, набраўшы 177 ачкоў. Другое месца заняў Юрый Лейтао з Партугаліі – 166 балаў. Яўген Каралёк лідыруе ў дысцыпліне омніум ў агульным заліку Кубка нацый у бягучым сезоне. Омніум ўваходзіць у праграму Алімпійскіх гульняў у Токіо. Спаборніцтвы ў гэтым відзе праграмы веласпорту на трэку ў мужчын пройдуць на галоўных стартах чатырохгоддзя 5 жніўня.
„Нёман” арандаваў у менскага „Дынама” Мікіту Халімончыка
Абаронца менскага „Дынама” Мікіта Халімончык другую частку сезона правядзе ў гарадзенскім „Нёмане”. Выхаванец менскай футбольнай школы СДЮШАР-5 падпісаў пагадненне і перайшоў у стан „жоўта-зялёных” на правах арэнды. З 2016 года з невялікім перапынкам у сезоне-2020 на арэнду ў „Смалявічах” выступаў пераважна за дубль сталічнага „Дынама”. У 2018 годзе стаў пераможцам першынства дублёрных складаў, згуляўшы ў гэтым жа сезоне першы афіцыйны матч за асноўны склад менчукоў. На момант пераходу ў гарадзенскі клуб правёў у вышэйшай лізе 12 матчаў.
Арына Сабаленка ўпершыню стала трэцяй ракеткай свету
Беларуска Арына Сабаленка ўпершыню ў кар’еры ўзнялася на трэцяе месца ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі. Перад стартам Уімблдонскага турніру Арына Сабаленка была чацвёртай, а пасля выхаду ў паўфінал паднялася на адну пазіцыю. Яшчэ адна беларуска, экс-першая ракетка планеты Вікторыя Азаранка засталася на 14-й пазіцыі. Аляксандра Сасновіч займае 86-е месца. Вольга Гаварцова знаходзіцца на 124-м радку. Узначальвае рэйтынг па-ранейшаму аўстралійка Эшлі Барці. Першы ў рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў серб Новак Джокавіч, які напярэдадні ў Уімблдоне заваяваў свой 20-ы чэмпіёнскі тытул на турнірах серыі „Вялікага шлема”. Беларус Ілля Івашка знаходзіцца на 63-м радку, Ягор Герасімаў займае 79-е месца.
Cалігорскі „Шахцёр” падпіша двухразовага ўладальніка Кубка Гагарына
Cалігорскі „Шахцёр” падпіша двухразовага ўладальніка Кубка Гагарына Дзмітрыя Пестунова. Тытулаваны хакеіст далучыцца да „гарнякоў” ў чацвер, 15 ліпеня, паведамляе belarushockey.com. 36-гадовы расеец раней выступаў у топ-клубах КХЛ, а таксама паспеў стаць чэмпіёнам Суперлігі. Апошнія тры сезоны Пестуноў выступаў у Эрстэ Ліга, у якой аб’яднаныя хакейныя клубы з Вугоршчыны і Румыніі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя