Яўген Кармільчык стаў бронзавым прызёрам ЧЕ па боксе
Беларус Яўген Кармільчык стаў бронзавым прызёрам у катэгорыі да 49 кг чэмпіянату Еўропы па боксе, які праходзіць у Харкаве.
У паўфінале кантынентальнага форуму выхаванец гарадзенскай школы бокса сустрэўся з дзеючым чэмпіёнам Еўропы Васілём Ягоравым з Расеі. Першы раўнд Яўген Кармільчык ні ў чым не ўступаў знакамітаму саперніку і правёў некалькі небяспечных удараў. Аднак у другім і трэцім раўндах расіянін быў больш дакладным. У выніку аднагалосным рашэннем суддзяў перамогу атрымаў Васіль Ягораў. На шляху да п’едэстала гонару турніру беларускі атлет быў мацнейшым за армяніна Артура Аванесяна. За выхад у паўфінал Яўген Кармільчык накаўтаваў атлета з Турцыі Мухамета Унлу.
Бронзавая ўзнагарода стала адзінай у зборнай Беларусі па боксе. Наступным важным стартам для каманды стане чэмпіянат свету, які пройдзе з 25 жніўня па 3 верасня ў нямецкім Гамбургу.