Яўген Кавыршын перайшоў з менскага „Дынама” ў „Юнацтва”



Форвард зборнай Беларусі Яўген Кавыршын перайшоў з менскага „Дынама” ў „Юнацтва”. Пагадненне з хакеістам разлічана на адзін год.

У мінулым сезоне форвард правёў за „Дынама” 57 гульняў, набраўшы 17 (5 + 12) балаў пры паказчыку карыснасці „-4”. Усяго ў КХЛ Яўген сыграў 419 матчаў, зарабіўшы 115 (47 + 68) ачкоў. У чэмпіянаце Беларусі сумарна на яго рахунку 249 паядынкаў і 161 (64 + 97) бал, паказчык карыснасці „+50”. Яўген Кавыршын стаў чэмпіёнам Беларусі ў 2008 годзе, двойчы срэбраным прызёрам у 2007 і 2010 гадах. Таксама Кавыршын удзельнік дзесяці чэмпіянатаў свету ў складзе зборнай Беларусі. За гэты час нападнік паспеў правесці 141 матч, набраў 55 (19 + 36) ачкоў, адзначае прэс-служба „Юнацтва”.

Сяргей Касціцын можа працягнуць кар’еру ў чэмпіянаце Беларусі

Беларускі форвард Сяргей Касціцын можа працягнуць кар’еру ў чэмпіянаце Беларусі. Пра гэта паведамляе інсайдэрскі канал „Хакейны Бульбаш”. Экс-форвард „Манрэаля” 33-гадовы Касціцын прапусціў увесь мінулы сезон з-за пашкоджання. У сезоне 2018/19 ён правёў за менскае „Дынама” 60 матчаў і набраў 18 (5 + 13) ачкоў пры паказчыку карыснасці „-11”.

У паслугах Аляксея Багі зацікаўлены клубы Чэхіі і Польшчы

Беларускім галоўным трэнерам „Жальгірыса” з Вільні Аляксеем Багам цікавяцца каманды з Чэхіі і Польшчы.  Бага ўзначаліў літоўскую каманду ў студзені, за гэты час з камандай ён выйграў Суперкубак Літвы, перамогшы ў фінале „Судуву”. У бягучы момант „Жальгірыс” займае другі радок у чэмпіянаце, маючы ў актыве 17 ачкоў. Бага ўваходзіў у трэнерскі штаб БАТЭ з 2011 года, некалькі гадоў прапрацаваў асістэнтам цяперашняга настаўніка маскоўскага ЦСКА Віктара Ганчарэнкі. У 2018 годзе ўзначальваў БАТЭ, а ўвосень таго ж года каманда пад кіраўніцтвам Багі выйшла з групы Лігі Еўропы разам з „Чэлсі” і ў 1/16 фіналу саступіла па суме дзвюх сустрэч лонданскаму „Арсеналу”, перамогшы пры гэтым на сваім полі 1:0 (але  ў  гасцях саступіўшы – 0:3).

Форвард берасцейскага «Дынама» прапусціць шэсць еўракубкавых матчаў

Нападнік берасцейскага «Дынама» Дзяніс Лапцеў прапусціць шэсць гульняў у еўракубках. Пра гэта клубнаму YouTube-каналу сказаў трэнер каманды Дзмітрый Мазалеўскі. Мабыць, дыскваліфікацыю Лапцеў зарабіў яшчэ ў 2018 годзе, выступаючы за салігорскі „Шахцёр”. У матчы ў адказ 2-га раўнда кваліфікацыі Лігі Еўропы супраць польскага «Леха», Дзяніс Лапцеў у канцоўцы ўдарыў галавой суперніка і быў выдалены з поля. Пры гэтым Лапцеў быў аўтарам адзінага гола ў той гульні. Берасцейскае «Дынама» сёлета прадставіць Беларусь у Лізе чэмпіёнаў. Клуб пачне выступы з першага кваліфікацыйнага раўнду. Гульня пройдзе 18 ці 19 жніўня. Дзяніса Лапцева ў 2015 годзе таксама дыскваліфікавалі на шэсць гульняў за масавую бойку на полі. Тады ён гуляў у Расеі за «Тосна» і пабіўся з гульцамі «Шынніка».

„Манчэстэр Сіці” гатовы выдаткаваць на трансферы больш за 300 мільёнаў еўра

Кіраўніцтва „Манчэстэр Сіці” гатова выдаткаваць 300 мільёнаў фунтаў на ўзмацненне каманды ў летняе трансфернае акно, паведамляе The Sun. „Гараджане” маюць намер апярэдзіць „Ліверпуль” у турнірнай табліцы АПЛ. Галоўная мэта – абаронца „Борнмута” Натан Аке. Яго трансфер ацэньваецца ў 40 мільёнаў фунтаў. Яшчэ адна мэта – нападнік „Валенсіі” Феран Торэс. Адчэпныя складаюць крыху менш за 40 мільёнаў.

Раней УЕФА задаволіў апеляцыю „Манчэстэр Сіці” аб выключэнні з еўракубкаў з-за парушэння правілаў фінансавага фэйр-плэй, – піша sport-express.ru.

На гульнявых пляцоўках НБА будзе надпіс „Жыцці чарнаскурых важныя”

На пляцоўках НБА ў Арланда, дзе каманды дагуляюць перарваны з-за пандэміі сезон-2019/20 будзе нанесены надпіс Black Lives Matter („Жыцці чарнаскурых важныя”). Такім чынам ліга падтрымлівае кампанію па барацьбе за расавай і сацыяльнай дыскрымінацыяй у ЗША і свеце.

Трэніравальны лагер каманд НБА завершыцца 29 ліпеня. Апошнія матчы рэгулярнага чэмпіянату адбудуцца з 30 ліпеня па 14 жніўня, а ўжо 17 жніўня пачнуцца матчы плэй-оф.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: hcdinamo.by