Яўген Мазура: Міжнародны спартовы суд наўрадці стане на бок Федэрацыі хакею Беларусі
Баскава дыскваліфікавалі. Міжнародная федэрацыя хакея на 5 гадоў заблакавала кіраўніка Федэрацыі хакею Беларусі Дзмітрыя Баскава. Ён адхілены ад усіх нацыянальных і міжнародных хакейных мерапрыемстваў, пачынаючы з 10 верасня 2021 года і заканчваючы 9 верасня 2026 года. У паведамленні адзначаецца, што рашэнне прынятае пасля 10-месячнага расследавання, падчас якога высветлілася, што Дзмітрый Баскаў парушыў кодэкс паводзін Міжнароднай федэрацыі — дыскрымінаваў спартоўцаў і пагражаў ім за іх палітычную пазіцыю. У Федэрацыі хакею Беларусі збіраюцца абскардзіць гэта рашэнне ў Спартыўным арбітражным судзе. Але ці мае гэта сэнс?
У нашым эфіры пракаментаваў хакейны адмыслоўца, былы дырэктар аршанскага «Лакаматыву» Яўген Мазура:
– Цалкам могуць падаваць у Міжнародны суд і спрабаваць адстаяць сваю пазіцыю. Разбіральніцтва доўжылася дастаткова доўга. Міжнародная федэрацыя хакею ўтварыла цэлую камісію для вывучэння ўсіх гэтых фактаў. І калі яны вынеслі гэтае рашэнне сыходзячы са сваім нарматыўных дакументаў, я не думаю, што Міжнародны спартовы суд стане на бок Федэрацыі хакею Беларусі. Гэта толькі зацягванне часу, спроба выйграць нейкія там дні, месяцы, магчымасць таго, каб Баскаў і далей змог пакуль працаваць.
Як кажа Яўген Мазура, які звязаны з фондам спартыўнай салідарнасці, ад 10 верасня Баскаў абавязаны прыпыніць сваю дзейнасць. Калі гэта не адбудзецца, санкцыі могуць быць ужытыя ўжо супраць самой беларускай федэрацыі. Такім чынам, беларускі хакей можа быць цалкам выключаны з сусветнай спартовай супольнасці.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: lokomotiv.hockey.by