Яўген Ціханцоў стаў бронзавым прызёрам чэмпіянату свету па цяжкай атлетыцы



Яўген Ціханцоў прынёс беларускай камандзе па цяжкай атлетыцы першыя медалі чэмпіянату свету – 2023, які праходзіць у сталіцы Саудаўскай Аравіі Эр-Рыядзе.

У чацвер мужчыны вызначалі найлепшых у катэгорыі да 102 кг. Нашу каманду ў гэтай вазе прадставілі адразу двое атлетаў: чэмпіён свету і Еўропы 2019 года Яўген Ціханцоў, а таксама Сяргей Шаранкоў. На жаль, маладзейшы Шаранкоў не здолеў зафіксаваць стартавую вагу ў 172 кг. Ціханцоў жа выступіў значна лепш: у рыўку беларус аформіў удалыя падыходы на 175 кг, 179 кг і 183 кг, дзякуючы чаму стаў уладальнікам малога залатога медаля ў гэтым практыкаванні – ніхто з супернікаў не падняў больш за 183 кг.

Штуршок склаўся для Яўгена не так здорава: паспяховым апынуўся толькі заход на 211 кг, дзве спробы зафіксаваць 217 кг выйшлі няўдалымі. Тым не менш агульная сума Ціханцова склала 394 кг, што прынесла беларусу выніковае трэцяе месца і бронзавую ўзнагароду сусветнага форуму. Чэмпіёнам свету ў гэтай вазе стаў кітаец Лю Хуанхуа сума 404 кг.

Хакеісты менскага „Дынама” прайгралі чацвёрты матч запар у КХЛ

Хакеісты менскага „Дынама” пацярпелі чарговую паразу ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Шасціматчавая выязная серыя падначаленых Дзмітрыя Квартальнава завяршалася ў Чалябінску, дзе „зуброў” прымаў мясцовы „Трактар”. За два перыяды менчукі так і не здолелі закінуць суперніку, у той час як гаспадары засмуцілі Аляксея Коласава адразу тройчы. Галы прыйшлі да „Дынама” толькі ў канцы трэцяга перыяду: за дзве з паловай хвіліны да сірэны адну шайбу адквітаў Джэмел Сміт, а неўзабаве Цімафей Каўгарэня скараціў адставанне да мінімуму. На жаль, астатніх пяцідзесяці секунд на выратаванне не хапіла, у выніку 3:2 на карысць „Трактара”.

„Мяшкоў Брэст” згуляў унічыю з гандбалістамі „Зеніта” ў SEHA-лізе

Гандбалісты клуба „Мяшкоў Брэст” не здолелі перамагчы ў першым паядынку новага сезона SEHA-лігі. На пляцоўцы берасцейскага спарткомплексу „Вікторыя” дзейныя пераможцы гэтага турніру не ўтрымалі перамогу над „Зенітам” з Санкт-Пецярбурга, завяршыўшы сустрэчу ўнічыю – 32:32.

Зборныя Італіі і Польшчы прабіліся ў фінал чэмпіянату Еўропы

Валейбалісты зборных Польшчы і Італіі сталі фіналістамі 34-га мужчынскага чэмпіянату Еўропы, які фінішуе ў Італіі. У першым паўфінале ўладальнікі бронзы мінулага ЧЕ палякі перайгралі зборную Славеніі з лікам 3:1. У другім паўфінальным матчы дзейныя чэмпіёны Еўропы валейбалісты Італіі разграмілі французаў – 3:0. Такім чынам, заўтра ў Рыме ў фінальным паядынку за золата паспрачаюцца каманды Польшчы і Італіі, а славенцы і французы будуць змагацца за бронзавыя ўзнагароды.

Беларускае Радыё Рацыя