Ёханэс Бё стаў першым у мас-старце  ў Нове-Месце



Нарвежскі біятланіст Ёханэс Бё заняў першае месца ў мас-старце на сёмым этапе Кубка свету, які прайшоў у чэшскім Нове-Месце.

Мінулагодні ўладальнік Вялікага хрустальнага глобуса пераадолеў 15-кіламетровую дыстанцыю за 39 хвілін 32,7 секунды, дапусціўшы тры промахі пры стральбе. Француз Эмільен Жаклен саступіў Бё-малодшаму 15 секунд, стаўшы другім пры бездакорнай стральбе. Замкнуў тройку наймацнейшых немец Арнд Пайфер з адставаннем 25 секунд і адным промахам. Беларусы ў гонцы не ўдзельнічалі. 

Беларуская біятланістка Ірына Крыўко заняла 25-е месца ў мас-старце. Беларуска першапачаткова не планавала стартаваць у гэтай гонцы, але атрымала допуск пасля таго, як ад удзелу адмовіліся Мартэ Ройзеланд і Святлана Міронава. Ірына дапусціла 4 промахі і саступіла пераможцы каля трох хвілін. Першай стала нарвежка Тырыль Экхаф, якая дапусціла адзін промах. Шведка Ханна Обэргэ таксама з адным недакладным стрэлам  фінішавала другой, немка Францыска Пройс — трэцяй. Лепшы вынік на сёмым этапе Кубка свету беларускія спартоўцы паказалі ў мужчынскай эстафеце, якая прайшла 7 сакавіка, заняўшы сёмае месца.

Марына Зуева заняла другое месца на этапе Кубка свету па канькабежным спорце

Беларуская канькабежка Марына Зуева здолела заняць другое месца на этапе Кубка свету, які завяршыўся ў Хэрэнвене. Вынік, які Марына Зуева паказала ў жаночым мас-старце – 8 хвілін 12, 540 секунды. Пераможцай стала нідэрландская спартоўка Меліса Вейф’е з вынікам 8 хвілін 11,740 секунды.  У агульным заліку Кубка свету ў актыве Марыны Зуевай 282 набраныя ачкі і 13-е месца.

Сняжана Дрэбянкова заняла 6-е месца на этапе Кубка свету ў Краснаярску

Беларуска Сняжана Дрэбянкова заняла 6-е месца на этапе Кубка свету па фрыстайле, які завяршыўся ў Краснаярску. Выніковая адзнака беларускі 68,44 бала. Перамогу святкавала аўстралійка Лаура Піл  з паказчыкам 96,99.  У мужчынскіх спаборніцтвах лепшы з беларусаў Ігар Дрэбянкоў заняў 16-е месца.

«Манчэстэр Юнайтэд» абыграў «Манчэстэр Сіці» у матчы АПЛ

У матчы 29-га тура чэмпіянату Англіі «Манчэстэр Юнайтэд» абыграў «Манчэстэр Сіці» з лікам 2:0. Сустрэча адбылася ў Манчэстэры на стадыёне «Олд Трафард». Лік быў адкрыты на 30-й хвіліне. Аўтарам забітага мяча стаў Антані Марс’яль, якому асіставаў Бруна Фэрнандэш. У кампенсаваны час другі гол забіў Скот Мактомінай. «Манчэстэр Юнайтэд», набраўшы 45 ачкоў, падняўся на пятае месца ў турнірнай табліцы. «Манчэстэр Сіці» маючы 57 – на 2-м месцы. Такім чынам „Ліверпуль” Юргена Клопа мае на 25 ачкоў больш і гульню ў запасе. „Чырвоным” для афармлення чэмпіёнства дастаткова набраць у  дзевяці турах шэсць балаў. Апошні раз „Ліверпуль” святкаваў чэмпіёнства ў Англіі ў 1990 годзе, калі прэм’ер-ліга яшчэ не была заснаваная.

У матчы 27-га тура іспанскай Прымеры севільскі «Беціс» сустракаўся з мадрыдскім «Рэалам» і перамог з лікам 2:1. «Рэал» застаўся на другім месцы ў табліцы, маючы на два ачкі меньш, чым у «Барселоны». У матчы 26-га тура чэмпіянату Італіі турынскі «Ювентус» пры пустых трыбунах абыграў міланскі «Інтэр» з лікам 2:0 дзякуючы галам Аарана Рэмзі і Паула Дзібалы. «Ювентус», набраўшы 63 ачкі, выйшаў на першае месца ў турнірнай табліцы італьянскага чэмпіянату. «Інтэр» з 54 ачкамі – на другім месцы.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Reuters