Ёханэс Бё выйграў індывідуальную гонку на этапе Кубка свету



Беларус Сяргей Бачарнікаў заняў 23-е месца ў індывідуальнай гонцы на шостым этапе Кубка свету па біятлоне, які праходзіць у славенскай Паклюцы. Ён дапусціў адзін промах на другім агнявым рубяжы і адстаў ад пераможцы гонкі на 3 хвіліны 31,8 секунды.

Першым стаў нарвежскі біятланіст Ёханэс Бё, які пераадолеў дыстанцыю ў 20 км за 47 хвілін 54,3 секунды і без аніводнага промаху на чатырох стрэльбішчах.  Другі вынік паказаў сяміразовы ўладальнік Вялікага хрустальнага глобуса француз Мартэн Фуркад, які таксама страляў бездакорна, але адстаў на 11,4 секунды. Замкнуў тройку наймацнейшых яго партнёр па камандзе Фаб’ен Клод. Іншыя прадстаўнікі беларускай зборнай паказалі наступныя вынікі: Максім Верабей стаў 28-м, Мікіта Лабастаў – 57-м. Антон Смольскі размясціўся на 81-й пазіцыі.

Хакеісты „Юнацтва” абыгралі жлобінскі „Металург” у матчы чэмпіянату Беларусі

Хакеісты менскага „Юнацтва” абыгралі жлобінскі „Металург” у матчы чэмпіянату Беларусі. Гульня на „Чыжоўка-Арэне” завяршылася з лікам 5: 1. Акрамя гульні ў Менску адбыліся і іншыя матчы чэмпіянату. Салігорскі „Шахцёр” разграміў у гасцях „Дынама-Маладзечна” — 7:1 – пяць з сямі  шайбаў маладэчанцы закінулі  ў першыя 10 хвілін гульні. Лёс матчу  „Нёмана” і „Гомеля” вырашылі буліты, якія лепш выканалі гарадзенцы – 3:2.

Лебедзеў стаў 22-м на чэмпіянаце Еўропы ў мужчынскім адзіночным катанні

На чэмпіянаце Еўропы па фігурным катанні, які праходзіць у аўстрыйскім Грацы і завершыцца ў бліжэйшую нядзелю, адбыўся розыгрыш медалёў у мужчын-адзіночак. Лепшую суму па выніках двух выступаў з асабістым рэкордам у адвольнай праграме набраў расіянін Дзмітрый Аліеў і тым самым прынёс краіне першае за восем гадоў Кантынентальнае золата.

У лік 24 удзельнікаў другога практыкавання з 21-й сумай балаў адабраўся і адзіны беларус – Аляксандр Лебедзеў. Там ён паказаў 22-і вынік, які адпавядае той жа пазіцыі і ў фінальным пратаколе.

Юнацкая зборная Беларусі згуляла ўнічыю з бельгійцамі і выйшла ў фінал розыгрышу Кубка развіцця

Футбалісты юнацкай зборнай Беларусі  сталі фіналістамі розыгрышу Кубка развіцця. У апошнім паядынку папярэдняй групы А падначаленыя Андрэя Скарабагацькі згулялі ўнічыю з бельгійцамі — 1:1. Абодва мячы былі забітыя ў пачатку сустрэчы: ужо на 1-й хвіліне Ягор Шадзько вывеў гаспадароў наперад, а неўзабаве супернікі зраўнялі лік. У заключны дзень спаборніцтваў 25 студзеня ў менскім футбольным манежы галоўны прыз разыграюць зборныя Беларусі і Таджыкістана.

«Атлетыка» прайграў клубу трэцяга дывізіёна і вылецеў з Кубка Іспаніі

Завяршыўся матч 1/16 фіналу Кубка Іспаніі, у якім клуб трэцяга дывізіёна «Культураль Леанэса» абыграў мадрыдскі «Атлетыка». Сустрэча адбылася ў Леонэ  і завяршылася перамогай гаспадароў у дадатковы час з лікам 2: 1. У матчы 24-га тура чэмпіянату Англіі «Вулверхэмптан» саступіў «Ліверпулю» з лікам 1:2. Перамогу «мерсісайдцам» прынеслі Джордан Хэндэрсан і Раберта Фірміна. «Ліверпуль», набраўшы ў 23 матчах 67 ачкоў, лідыруе ў турнірнай табліцы англійскай Прэм’ер-лігі.

Шэршань і Мінько засталіся без узнагарод на турніры па дзюдо серыі Гран-пры ў Ізраілі

Беларускія спартоўцы Дзмітрый Шэршань і Дзмітрый Мінько (у абодвух вагавая катэгорыя 66 кг) выбылі са спісу прэтэндэнтаў на ўзнагароды прэстыжнага турніру па дзюдо серыі Гран-пры, які праходзіць у Тэль-Авіве. Дзмітрый Шэршань саступіў у першым паядынку партугальцу Жоао Крысастому і завяршыў выступ на турніры. Яго партнёр па камандзе Дзмітрый Мінько ў першай сутычцы стаў мацней за іспанца Давіда Торн Гарсія. Таксама ён перамог свайго наступнага апанента са Славеніі Адрыяна Гомбака, але прайграў атлету з Рэспублікі Карэя Ану Баулу.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: © IBU