Юлія Гатоўка не змагла прабіцца ў 1/8 фіналу турніру ў Егіпце



Юлія Гатоўка (181 ВТА) не змагла прабіцца ў 1/8 фіналу турніру ІТФ у Шарм-эль-Шэйху. Беларуска ў 1/16 фіналу ўступіла румынцы Алене-Тэадоры Кадар (705 ВТА) — 6:3, 3:6, 2:6.

Крысціна Дзмітрук (932 ВТА) выйшла ў другі круг турніру ІТФ у Тунісе. У першым раундзе беларуска была мацнейшай за прадстаўніцу Кітая Ні Ма Жума (1142 ВТА) — 6:2, 6:0.

Зборная Беларусі па фрыстайле не выйшла ў суперфінал на Алімпіядзе

Зборная Беларусі па фрыстайле не змагла прабіцца ў суперфінал змешаных спаборніцтваў па лыжнай акрабатыцы на Алімпіядзе ў Пекіне. Ганна Гуськова, Станіслаў Гладчанка і Максім Гусцік занялі апошняе, шостае, месца ў кваліфікацыі. У суперфінал выйшлі чатыры найлепшыя каманды. Змешаныя спаборніцтвы фрыстайлістаў упершыню праводзяцца на Алімпіядзе.

Марына Зуева заняла 9-е месца на дыстанцыі 5000 метраў

Беларуская канькабежка, Марына Зуева, заняла 9-е месца на дыстанцыі 5000 метраў на Алімпіядзе ў Пекіне. Золата з алімпійскім рэкордам заваявала Ірэн Схаўтэн з Нідэрландаў. Гэта яе другая ўзнагарода вышэйшай пробы ў Пекіне, раней спартоўка перамагла на дыстанцыі 3000 метраў. Срэбра ўзяла канадка Ізабель Вайдэман, бронза дасталася чэшцы Марціне Саблікавай.

Беларусь засталася на 94-м месцы ў рэйтынгу ФІФА

ФІФА апублікавала абноўлены рэйтынг нацыянальных зборных. Зборная Беларусі засталася на 94-м месцы. У першай дзесятцы адзіная змена – зборная Аргентыны стала чацвёртай, а Англія апусцілася на пяты радок. Рэйтынг узначальвае зборная Бельгіі.

„Мілан” узгадніў новы кантракт з Тэа Эрнандэсам на пяць гадоў

„Мілан” узгадніў новы кантракт з абаронцам Тэа Эрнандэсам, паведамляе журналіст Фабрыцыо Рамана. Паводле інфармацыі крыніцы, італьянскі клуб у найбліжэйшыя дні аб’явіць аб падпісанні пагаднення з 24-гадовым французам тэрмінам на пяць гадоў. Паведамляецца, што раней футбалістам цікавіўся „ПСЖ”, аднак гулец не быў зацікаўлены ў змене каманды. Эрнандэс перайшоў у „Мілан” з „Рэала” ў ліпені 2019 года.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: pressball.by