Юлія Гатоўка выйшла ў фінал турніру ў Карагандзе



Юлія Гатоўка (228 ВТА) выйшла ў фінал турніру ў Карагандзе. У матчы 1/2 фіналу беларуская тэнісістка перайграла прадстаўніцу Расеі Кацярыну Макараву (414 ВТА) – 6:2, 6:2.

Першая ракетка свету Эшлі Барці адмовілася ад удзелу ў выніковым турніры ВТА, які пройдзе ў мексіканскай Гвадалахары з 10 па 17 лістапада.

„Хацела б, каб усе ведалі, што я не буду ўдзельнічаць ні ў якіх іншых турнірах у 2021 годзе, уключаючы фінал ВТА ў Мексіцы. Гэта было цяжкае рашэнне, але мне трэба засяродзіцца на стане свайго здароўя і аднаўленні пасля сезону 2021», – сказала Барці. Аўстралійка з 18 кастрычніка пачала свой 100-ы тыдзень у рангу лідара рэйтынгу ВТА. Раней падобнага дасягнення дамагаліся толькі сямёра тэнісістак: Штэфі Граф, Марціна Наўрацілава, Серэна Уільямс, Крыс Эверт, Марціна Хінгіс, Моніка Селеш і Жусцін Энэн.

Яўген Аксянцюк дапамог „Айдаха” абыграць „Юту” ў матчы чэмпіянату ECHL

Беларускі форвард з сістэмы „Даласа” Яўген Аксянцюк удала дэбютаваў у ECHL. Яго „Айдаха” абыграў „Юту” з лікам 7:3. У актыве беларускага хакеіста дзве выніковыя перадачы, два кідка і паказчык карыснасці «+1».

У чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату АХЛ „Хершы” на выездзе саступіў „Шарлот” з лікам 3:5. Беларускі форвард гасцей Аляксей Протас адкрыў лік на 6-й хвіліне сустрэчы. Усяго Протас нанёс тры кідкі. У гэтым сезоне ў актыве Протаса 2 (1+1) ачкі ў трох паядынках.

Беларусы перамаглі футбалістаў Арменіі ў кваліфікацыі юнацкага ЧЕ

Футбалісты юнацкай зборнай Беларусі (U-17) перамогай завяршылі выступленне ў адборавым турніры першынства Еўропы. У матчы трэцяга тура 13 кваліфікацыйнай групы беларусы перамаглі каманду Арменіі з лікам 2:0. Вызначыліся Іван Сіўкоў і Руслан Мялкоўскі. Заняўшы трэцяе месца ў сваім квартэце, беларускія футбалісты маюць шанцы прайсці ў наступны адборавы раўнд кантынентальнага першынства.

„Краснадар” Ганчарэнкі разграміў „Ніжні Ноўгарад”

У 12-м туры чэмпіянату Расеі „Краснадар”, якім кіруе беларускі трэнер Віктар Ганчарэнка ў гасцях перайграў „Ніжні Ноўгарад”. Каманда Ганчарэнкі не саступае ў сямі матчах чэмпіянату запар – чатыры перамогі і тры нічыіх. „Краснадар” займае трэцяе месца ў табліцы.

Беларускае Радыё Рацыя