„Юнацтва” абыграла „Металург”
Хакеісты менскага „Юнацтва” выбілі „Металург” з барацьбы за Кубак Салея.
Па выніках матчаў у Берасці і Жлобіне вызначыўся поўны склад удзельнікаў „фіналу чатырох” хакейнага Кубка Салея-2023.
Апошні пропуск у фінальны этап Кубка краіны ў Жлобіне аспрэчвалі мясцовы „Металург” і сталічнае „Юнацтва”. На групавым этапе турніру, матчы якога прайшлі з 2 па 13 жніўня, дзейныя чэмпіёны Беларусі занялі другое месца ў пуле Б, мінчане ж фінішавалі трэцімі ў сэкстэце А. Першых шайб у вочнай сустрэчы давялося чакаць да сярэдзіны другой трэці, калі дубль Захара Палішчука забяспечыў „Металургу” перавагу ў два галы. За шэсць хвілін да фінальнай сірэны гаспадары лёду вялі з лікам 3:1, але з такім зыходам не быў згодны форвард „Юнацтва” Сяргей Дрозд. Астатняга часу нападніку гасцей хапіла, каб аформіць хет-трык і прынесці менскай камандзе перамогу – 4:3. Раней праход у наступную стадыю турніру забяспечыў ХК „Брэст”, які разграміў „Магілёў” 6:1.
Па выніках групавога этапа прамыя пуцёўкі ў „фінал чатырох” Кубка Салея атрымалі „Шахцёр” і „Віцебск”. 26 жніўня „Шахцёр” прыме „Юнацтва”, а дзейны ўладальнік трафея „Віцебск” будзе змагацца з „Брэстам”. Матч за трэцяе месца і фінал будуць згуляны ў нядзелю.-0-
Уладальнік Кубка Стэнлі блізкі да пераходу ў менскае „Дынама”
Гэта канадскі абаронца Мэдысан Боўі. Яму 28 гадоў. У мінулым сезоне ён правёў 35 матчаў у АХЛ за „Лаваль Рокет”, у якіх набраў 13 (4+9) ачкоў пры паказчыку карыснасці „-3”. Годам раней у яго было 28 (8+20) балаў у 55 сустрэчах. У 2018-м ён выйграў Кубак Стэнлі разам з „Вашынгтонам”.
Сасновіч не выйшла ў 1/4 фіналу тэніснага турніру ў Кліўлендзе
Беларуская тэнісістка 68-ы нумар сусветнага рэйтынгу Аляксандра Сасновіч не змагла прабіцца ў чвэрцьфінал турніру катэгорыі WTA-250 у амерыканскім Кліўлендзе з прызавым фондам 271 тысяча даляраў. У матчы другога раунда беларуска саступіла ў дзвюх партыях расійскай тэнісістцы Кацярыне Аляксандравай – 6:7 (2:7), 3:6.
Валейбалісты „Шахцёра” перамаглі ў першым матчы турніру ў Санкт-Пецярбургу
Валейбалісты салігорскага „Шахцёра” пераможна пачалі выступы на турніры памяці Вячаслава Платонава ў Санкт-Пецярбургу. У стартавым паядынку папярэдняй групы А падначаленыя Віктара Бекшы сустракаліся з клубам „Газпрам-Югра” з Сургута і выйгралі ў трох партыях – 3:0. Сёння чэмпіёны Беларусі сустрэнуцца з уфімскім „Уралам”.
„Манчэстэр Сіці” аб’явіў аб працягненні кантракта з Бернарду Сілвай
29-гадовы партугалец падпісаў новае пагадненне да 2026 года. Раней паведамлялася, што паўабаронца мог працягнуць кар’еру ў „Барселоне” ці „Пары Сен-Жэрмэн”. Бернарду Сілва выступае за „Манчэстэр Сіці” з 2017 года. Ён правёў за „гараджан” 308 матчаў, забіў 55 мячоў і зрабіў 59 выніковых перадач. За час выступаў у „Манчэстэр Сіці” Сілва пяць разоў станавіўся чэмпіёнам Англіі, двойчы выйграваў Кубак і Суперкубак краіны і чатыры разы станавіўся пераможцам Кубка англійскай лігі. У мінулым сезоне каманда ўпершыню ў сваёй гісторыі выйграла Лігу чэмпіёнаў.
Беларускае Радыё Рацыя