„Юнацтва” і „Нёман” умацавалі лідарства ў серыях першага раунда плэй-оф



У панядзелак двума матчамі ў Менску і Гародні працягнуўся першы раунд плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі. На лёдзе сталічнай „Чыжоўка-Арэны” прайшоў другі паядынак серыі паміж „Юнацтвам” і „Віцебскам”. Каманды не маглі закінуць шайбу на працягу двух з паловай перыядаў: лік быў адкрыты толькі на 55-й хвіліне сустрэчы абаронцам мінчан Мікітам Сіроціным. За час, які застаўся, госці зраўняць лічбы не змаглі, „Юнацтва” ж дадало яшчэ адну шайбу аўтарства Андрэя Паўленкі. У выніку 2:0 у матчы і тыя ж 2:0 у серыі, далей каманды пераедуць у Віцебск, дзе згуляюць 15 і 17 сакавіка.

Таксама ў панядзелак адбылася другая сустрэча ў супрацьстаянні „Нёмана” і „Хіміка”. Па ходу гульні гарадзенцы вялі з лікам 3:0, але ў заключнай 20-хвілінцы гасцям удалося скараціць адставанне да мінімуму. На большае намаганняў паўночнікаў не хапіла, а вось гаспадары да фінальнай сірэны паспелі адправіць адну шайбу ў пустую брамку „Хіміка”. Канчатковы лік – 4:2 на карысць „Нёмана”, за які дубль аформіў Герман Паддубны. Гарадзенцы таксама павялічылі адрыў у серыі да чатырох перамог 2:0, два наступныя паядынкі паміж камандамі пройдуць у сераду і пятніцу ў Наваполацку.

Кандрацьеў назваў склад футбольнай зборнай на матчы кваліфікацыі Чэмпіяната Еўропы

Галоўны трэнер футбольнай зборнай Беларусі Георгій Кандрацьеў назваў склад каманды на стартавыя матчы адборавага турніру чэмпіянату Еўропы 2024 года. На трэніровачны збор выкліканы 23 футбалісты: брамнікі – Максім Плотнікаў („Каспій”, Актаў, Казахстан), Сяргей Ігнатовіч („Шахцёр”, Салігорск), Андрэй Кудравец (БАТЭ, Барысаў); абаронцы – Максім Швяцоў, Руслан Хадаркевіч (абодва – „Дынама”, Мінск), Уладзіслаў Малькевіч, Захар Волкаў (абодва – БАТЭ, Барысаў), Дзяніс Палякоў („Хапаэль”, Хайфа, Ізраіль), Мікіта Сцяпанаў („Атырау”, Казахстан ), Глеб Шаўчэнка („Шахцёр”, Салігорск), Раман Юзэпчук („Тарпеда”, Масква, Расія);

паўабаронцы – Юрый Кавалёў, Кірыл Капленка (абодва – „Арэнбург”, Расія), Валерый Бачараў, Дзяніс Грэчка (абодва – БАТЭ, Барысаў), Уладзіслаў Клімовіч („Неа Саламіна”, Кіпр), Макс Эбонг („Астана”, Казахстан) , Яўген Яблонскі („Арыс”, Лімасол, Кіпр), Арцём Быкаў („Дынама”, Менск), Аляксандр Сялява („Растоў”, Расея); нападнікі – Уладзімір Хвашчынскі, Уладзіслаў Марозаў (абодва – „Дынама”, Менск), Іван Бахар („Іроні”, Кір’ят-Шмона, Ізраіль).

Каманда збярэцца 19 сакавіка ў Менску, потым адправіцца ў сербскі Нові-Сад, дзе 25 сакавіка правядзе першы паядынак кваліфікацыйнай групы I супраць зборнай Швейцарыі. Потым беларусы возьмуць курс на Бухарэст, дзе 28 сакавіка сустрэнуцца з камандай Румыніі.

ВРЗ выйшаў у лідары чэмпіянату Беларусі па міні-футболе

Спартоўцы гомельскага ВРЗ выйшлі ў лідары чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. У Менску гамяльчане перайгралі яшчэ аднаго фаварыта – дзейнага чэмпіёна краіны „Сталіцу” з лікам 3:1 і ўзняліся на першае месца ў турнірнай табліцы. У астатніх сустрэчах „Барысаў-900” прайграў сталічнаму „Дынама-БНТУ”  – 2:6, менскі „Дарожнік” перамог гарадзенскае „УУС-Дынама” – 3:1, БЧ (Гомель) быў мацней за сталічную „Ахова -Дынама” – 4:2. У заключным паядынку 16-га тура „Менск” сёння прыме гасцей з аршанскага „Вітэна”.

Становішча ў лідыруючай групе зараз такое: ВРЗ – 33 ачкі пасля (14 матчаў), „Сталіца” – 31 (15), „Вітэн” – 30 (13), БЧ – 28 (14).

Бамбардзірскую гонку ўзначальвае Сяргей Лебедзеў са светлагорскага ЦКК, які забіў 13 мячоў.

„Мілан” згуляў унічыю з „Салернітанай”

У матчы 26-га тура чэмпіянату Італіі па футболе „Мілан” і „Салернітана” згулялі ўнічыю з лікам 1:1. На гол Аліўе Жыру на першай даданай хвіліне першага тайма адказаў на 61-й хвіліне сенегальскі нападнік «Салернітаны» Булае Дзіа.  У матчы 25-га тура чэмпіянату Іспаніі  „Жырона” на хатняй арэне саступіла мадрыдскаму „Атлетыка” з лікам 0:1. Адзіны гол забіў Альвара Марата на 4-й даданай хвіліне матчу.

Беларускае Радыё Рацыя