„Юнацтва” разграміла „Шахцёр” у першым матчы фінальнай серыі



Хакеісты „Юнацтва” выйгралі першы матч фінальнай серыі плэй-оф чэмпіяната Беларусі, узяўшы верх над салігорскім „Шахцёрам” – 5:1.

Шматразовыя чэмпіёны Беларусі правялі практычна ўзорны матч і выглядалі лепш за хакеістаў „Шахцёра” літаральна ва ўсіх кампанентах гульні. У першых двух перыядах Іван Драздоў адзначыўся дублем, па шайбе закінулі Максім Парфеевец і  Максім Мальцаў, а  на 31-й хвіліне Яўген Дадонаў падарыў надзею заўзятарам „гарнякоў” на тое, што сітуацыя на лёдзе зменіцца на карысць іх улюбёнцаў. На жаль, гэтая шайба так і засталася для каманды Юрыя Файкова адзінай у матчы.

Завяршыў разгром каманды з горада калійшчыкаў Усевалад Кашкар. Менш чым за тры хвіліны да фінальнай сірэны Аляксандр Кагалым і Дзяніс Цыганаў вывелі яго на забойную пазіцыю, і форвард „Юнацтва” не прамахнуўся. Лік у серыі да чатырох перамог стаў 1: 0 на карысць менчан. Наступны матч фінальнай серыі пройдзе сёння, 28 сакавіка, у Менску.

„Тарпеда-БелАЗ” атрымала другую перамогу на старце чэмпіянату Беларусі

На футбольным чэмпіянаце Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі прайшлі стартавыя матчы другога тура. У першым з іх жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ” на сваёй арэне адолела бабруйскую „Белшыну” з мінімальным перавагай 1:0. У першым тайме каманды амаль не пагражалі брамцы, а адразу пасля перапынку гаспадары рэзка актывізаваліся, і на 50-й хвіліне Валер Гарбачык адкрыў лік. У далейшым вынік не змяніўся. Таксама дэбютант элітнага дывізіёна берасцейскі „Рух” прымаў менскі „Энергетык-БДУ”. У стартавым туры менавіта гэтыя каманды былі віноўніцамі галоўных сенсацый: „студэнты” перайгралі на сваім полі 15-разовага чэмпіёна барысаўскі БАТЭ, а берасцейцы перамаглі на галоўнай арэне краіны менскае „Дынама”. У гэтым жа супрацьстаянні мацней былі «студэнты». Лік сустрэчы 1:0, адзіны мяч забіў Данііл Мірошнікаў. Сёння фаварыты футбольнага чэмпіянату Беларусі згуляюць у гасцях. Чэмпіёны краіны футбалісты берасцейскага „Дынама” згуляюць у гасцях у „Слуцка”. Мазыране прымуць на сваім стадыёне срэбранага прызёра мінулага першынства барысаўскі БАТЭ. Уладальнік бронзы салігорскі „Шахцёр” згуляе ў гасцях у „Гарадзеі”.

Сіднэй стаў гаспадаром жаночага ЧС-2022 па баскетболе

Аўстралія ў 2022 годзе прыме матчы жаночага чэмпіянату свету па баскетболе. Такое рашэнне было прынята па выніках відэаканферэнцыі Цэнтральнага савета Міжнароднай федэрацыі баскетбола. У фінальным этапе галасавання Аўстралійская федэрацыя баскетбола абыйшла расейцаў, якія таксама прэтэндавалі на права правядзення жаночага планетарнага форуму. Турнір з удзелам 12 лепшых зборных з усіх кантынентаў ў верасні-кастрычніку 2022 года прыме Сіднэй. Матчы пройдуць на дзвюх арэнах, размешчаных у Алімпійскім парку гэтага горада. Аўстралія ўжо была гаспадыняй жаночага сусветнага баскетбольнага першынства ў 1994 годзе. На мінулым чэмпіянаце свету, які праходзіў у 2018 годзе ў Іспаніі, золата заваявала каманда ЗША.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя