«Юнацтва» разгромна прайграла „Рэд Булу” ў Лізе чэмпіёнаў
Менскае „Юнацтва” завяршыла выступы ў хакейнай Лізе чэмпіёнаў прайграўшы мюнхенскаму „Рэд Булу” і ў другім матчы 1/8 фіналу з лікам 0:6. Менчукі прайгралі на хатняй арэне 2:3, пакінуўшы шанцы на агульны поспех. На жаль, другая гульня прайшла з адчувальнай перавагай «Рэд Була».
Спартоўцы „Сталіцы” саступілі „Херсону” ў элітным раўндзе кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў па міні-футболе
У менскім палацы спорту „Уручча” пачаўся элітны раўнд кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў па міні-футболе. Чэмпіёны Беларусі футбалісты менскай „Сталіцы” у сваім першым паядынку групы D сустракаліся з чэмпіёнам Украіны „Херсонам” і саступілі з лікам 1:2. Госці выйшлі наперад у канцы першага тайма, а пасля перапынку павялічылі сваю перавагу. Менчукі прыклалі нямала намаганняў, каб адыграцца, і за тры хвіліны да фінальнай сірэны Уладзімір Жыгалка забіў гол у брамку „Херсона”. Але большага гаспадарам дамагчыся не ўдалося.
Баскетбалісты „Цмокi-Менск” прайгралі „Дняпру” у Кубку ФІБА-Еўропа
Баскетбалісты „Цмокi-Менск” пацярпелі другую паразу запар на групавым этапе розыгрышу Кубка ФІБА-Еўропа. Выязную сустрэчу 5-га тура групы F падначаленыя Расціслава Вергунова пачалі паспяхова. Яны выйгралі ў першай палове з перавагай у 8 ачкоў. Аднак пасля перапынку карціна рэзка змянілася – гаспадары перахапілі ініцыятыву і ў выніку дамагліся перамогі з лікам 90:75.
„Райн Левен” зноў перайграў менскі СКА
У матчы ў адказ 3-га кваліфікацыйнага раўнда Кубка ЕГФ нямецкі „Райн Левен” дома ўпэўнена абыграў менскі СКА — 29:17. У першай сустрэчы мацней таксама быў нямецкі клуб – 32:28. „Райн Левен” па суме двух матчаў атрымаў пуцёўку ў групавы раўнд турніру.
Беларускія гандбалісткі адправіліся на турнір у Польшчу
Гандбалісткі зборнай Беларусі адправіліся на міжнародны турнір у польскі Люблін. Галоўны трэнер беларускай каманды Томаж Чатэер уключыў у выязны склад 18 гандбалістак. У тым ліку гандбалістак „Гараднічанкі” Яніну Елісееву і Ганну Рабчанку. У першы дзень турніру, 22 лістапада, беларускія гандбалісткі згуляюць з камандай Украіны, 23 лістапада – са зборнай Літвы, а ў апошні дзень спаборніцтваў, 24 лістапада, сустрэнуцца з камандай Польшчы.
Пяць беларускіх спартоўцаў выступяць на этапе Кубка свету па спартовай гімнастыцы ў Германіі
Пяць беларускіх спартоўцаў выступяць на этапе Кубка свету па спартовай гімнастыцы, які пройдзе з 21 па 24 лістапада ў Котбусе. Краіну на прэстыжных спаборніцтвах прадставяць Ягор Шарамкоў, Андрэй Ліхавіцкі, Дзмітрый Гурыновіч, Жанна Мяцеліца і Аляксандра Вараб’ёва. У гімнастычным шматбор’і ў жанчын медалі разыграюць у практыкаваннях на брусах, бервяне, у апорным скачку, вольных практыкаваннях. Мужчыны паспаборнічаюць у вольных практыкаваннях, апорным скачку, на кані, кольцах, паралельных брусах і перакладзіне.
Беларускае Радыё Рацыя