„Юнацтва” святкавала другую перамогу над „Нёманам”
У беларускай хакейнай экстралізе працягваецца паўфінальная стадыя плэй-оф. У Гародні адбыўся другі паядынак паўфінальнай серыі паміж мясцовым „Нёманам” і сталічным „Юнацтвам”. Гаспадары адкрылі лік ужо на 4-й хвіліне сустрэчы намаганнямі Ільі Летава, але ў сярэдзіне дэбютнай траціны форвард менчан Раман Дастанка аднавіў парытэт. У другім гульнявым адрэзку гледачы закінутых шайбаў не ўбачылі, а на старце заключнага перыяду „Юнацтва”, дзякуючы Арсенію Каўгарэню захапіла лідарства – 2:1. Гульцы „Нёмана” не здолелі арганізаваць ніводнай голавай атакі, госці ў сваю чаргу паспелі закінуць у пустую брамку. У выніку 3:1 на карысць менчан, якія павялічваюць сваю перавагу ў серыі да 2-0. Два наступныя матчы ў гэтым супрацьстаянні пройдуць на сталічнай „Чыжоўка-Арэне” 31 сакавіка і 2 красавіка.
Сабаленка сенсацыйна саступіла 74-й ракетцы свету ў чвэрцьфінале турніру ў Маямі
У ЗША працягваецца адзін з самых прэстыжных турніраў у календары Жаночай тэніснай асацыяцыі – адкрыты чэмпіянат Маямі. У сераду выступ на Miami Open завяршыла беларуска Арына Сабаленка, якая была пасеяна на турніры пад другім нумарам. Беларуская тэнісістка спынілася на стадыі чвэрцьфіналу, дзе суперніцай была Сарана Кырсця з Румыніі, якая ішла на 74-й пазіцыі сусветнага рэйтынгу. Паядынак, які доўжыўся паўтары гадзіны, завяршыўся перамогай румынскай спартоўкі ў дзвюх партыях з аднолькавым лікам 6:4. На працягу матча Сабаленка дапусціла шэсць падвойных памылак і прайграла чатыры геймы на сваёй падачы. За выхад у фінал Кырсця паспрачаецца з пераможцай матчу паміж расейкай Кацярынай Аляксандравай і чэшкай Петрай Квітавай.
Протас прыняў удзел у матчы, у якім „Вашынгтон” прайграў „Айлендэрс”
У чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ „Вашынгтон” пацярпеў хатнюю паразу ад „Айлендэрс” — 1:2 у серыі булітаў. Беларускі форвард гаспадароў Аляксей Протас правёў на пляцоўцы 16 хвілін 27 секунд, зрабіў два кідкі, заблакаваў дзве пагрозы і прымяніў адзін сілавы прыём.
Зямко стаў 18-м беларусам у чэмпіянаце Казахстана
Беларускі паўабаронца Яўген Зямко падпісаў кантракт з „Аксу”. Экс-гулец мазырскай „Славіі” заключыў аднагадовы кантракт з клубам з Паўладара. Ён стаў 18-м беларускім гульцом у прэм’ер-лізе Казахстана, адзначае BySport. Зямко раней выступаў за „Оршу”, „Граніт”, „Нафтан”, „Славію”, а таксама расейскі „Мурам”.
Месі стаў трэцім гульцом у гісторыі са 100 галамі за зборную
Ліянэль Месі аформіў хет-трык у таварыскім матчы з камандай Кюрасаа. Дзеючыя чэмпіёны свету буйна перамаглі – 7:0. Аргентынец забіў свой 100-ы, 101-ы і 102-гі гол за нацыянальную каманду. Такім чынам, нападнік стаў трэцім гульцом, які пераадолеў адзнаку 100 галоў за зборную. Месі далучыўся да партугальца Крышціяну Раналда (122 галы) і іранца Алі Даеі (109 галоў).
Беларускае Радыё Рацыя