„Юнацтва” выйшла наперад у фінальнай серыі супраць „Металурга”



Хакеісты „Юнацтва”  абыгралі на хатняй арэне „Металург” у пятым матчы фіналу плей-оф беларускай экстралігі і выйшлі наперад у серыі. Значна больш актыўна сустрэчу пачалі госці, ужо на першых хвілінах матчу стварыўшы некалькі небяспечных момантаў. Вызначыцца, праўда, удалося толькі раз – чарговы гол у фінальнай серыі запісаў у свой актыў Віталь Пінчук.

„Юнацтва” актывізавалася толькі пасля перапынку, і неўзабаве напор менчукоў даў свой плён – лічбы на табло зраўняў Дзмітрый Вазовік. У пачатку трэцяй 20-хвілінкі „Металург” зноў выйшаў наперад – пасля перадачы Артура Гаўруса шайба трапіла ў канёк капітана „Юнацтва” Андрэя Антонава і запаўзла за лінію брамы гаспадароў. Пераможны лік жлабінчане трымалі практычна да канца перыяду, але менчукі зноў знайшлі сілы адыграцца. За тры хвіліны да сірэны мэты дасягнуў магутны кідок Аляксея Вінаградава ад сіняй лініі.

Як і ў другім матчы зыход паядынку вырашыўся ў авертайме, і зноў поспех быў на баку сталічнай каманды. Форвард гаспадароў Андрэй Паўленка рэалізаваў большасць, прынёсшы тым самым „Юнацтву” перамогу – 3:2. З такім жа лікам мінчане павялі ў фінальнай серыі.

Шосты матч паміж камандамі адбудзецца ў суботу ў Жлобіне. У выпадку гасцявой вікторыі „Юнацтва” заваюе 4-ы тытул чэмпіёнаў Беларусі запар і 11-ы ў гісторыі клуба.

Крэйг Вудкрафт працягне працу са зборнай Беларусі па хакеі

Пытанні фармавання трэнерскіх штабоў зборных каманд Беларусі па хакею на маючы адбыцца сезон разгледжаны на пасяджэнні Выканкама Федэрацыі хакея Беларусі. Працу з нацыянальнай камандай Беларусі ў якасці галоўнага трэнера працягне Крэйг Вудкрафт. З прычыны паспяховага выступу маладзёжнай зборнай на чэмпіянаце свету ў дывізіёне IA Сяргей Стась захавае пасаду рулявога ў „маладзёжцы”.

Галоўным трэнерам юніёрскай зборнай Беларусі (U18) стане Дзмітрый Шульга.

Баскетбалісты „Цмокi-Менск” і „Барысфена” перамаглі ў першых паўфіналах чэмпіянату Беларусі

Першыя сустрэчы паўфінальных серый мужчынскага чэмпіянату Беларусі па баскетболе адбыліся ў Менску і Магілёве. Дзеючыя чэмпіёны краіны баскетбалісты „Цмокi-Менск” на сваёй пляцоўцы перайгралі гасцей з „Гародня-93” 89:76. Другая гульня таксама адбудзецца ў Менску 23 красавіка. На старце другой паўфінальнай серыі лідар рэгулярнага сезона магілёўскі „Барысфен” на паркеце спарткомплексу „Алімпіец” апынуўся мацнейшым за віцебскі „Рубон” – 89:81. Заўтра супернікі зноў сустрэнуцца ў Магілёве.

Футбалісты „Арсенала” і „Слуцка” згулялі ўнічыю ў паядынку 5-га тура чэмпіянату Беларусі

Футбалісты дзяржынскага „Арсенала” і „Слуцка” не выявілі пераможцу ў стартавым матчы 5-га тура чэмпіянату Беларусі. У сярэдзіне першага тайма сустрэчы на штучным полі сталічнага РЦАР-БДУ паўабаронца „Слуцка” Андрэй Выскрабенцаў адкрыў лік, а неўзабаве пасля перапынку абаронца „Арсенала” Раман Вягера ўсталяваў канчатковы лік – 1:1.  Сёння лідэр турніру барысаўскі БАТЭ, які яшчэ не страціў ніводнага ачка, згуляе на сваім полі з футбалістамі „Гомеля”, якія займаюць трэцяе месца ў турнірнай табліцы. Таксама „Белшына” прыме ў Бабруйску „Віцебск”, а ў Гародні „Нёман” сустрэнецца з дзейным чэмпіёнам краіны салігорскім „Шахцёрам”.

Зборная Беларусі і беларускія клубы будуць праводзіць хатнія матчы ў Сербіі

Зборная Беларусі па футболе і беларускія клубы будуць праводзіць хатнія матчы ў Сербіі. Пра гэта паведамляе казахскі інсайдэр Айдын Кажахмет. „Клубы і зборныя з Беларусі не будуць прымаць хатнія матчы ў Казахстане. Месцам іх дыслакацыі стане Сербія. І менавіта ў гэтую краіну трэба будзе адправіцца зборнай Казахстана ў Лізе нацый”, — напісаў Кажахмет у тэлеграме. Нагадаю, УЕФА забараніў праводзіць матчы пад сваёй эгідай на тэрыторыі Беларусі.

«Барселона» абыграла «Рэал Сасьедад» дзякуючы галу Абамеянга

У рамках 33-га тура іспанскай Прымеры „Рэал Сасьедад” прымаў „Барселону”. Госці святкавалі перамогу – 1:0. Адзіны гол быў забіты ў першым тайме. На 11-й хвіліне вызначыўся нападнік «Барсы» П’ер-Эмерык Абамеянг, якому асіставаў Феран Торэс. Пасля 32 згуляных тураў „Барселона” размяшчаецца на другім месцы ў турнірнай табліцы. Сіне-гранатавыя набралі 63 ачкі. Лідыруе ў спаборніцтвах мадрыдскі „Рэал”, у якога 78 ачкоў.

Беларуска Арына Сабаленка выйшла ў 1/4 фіналу турніру ў Штутгарце

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка прабілася ў чвэрцьфінал турніру ў нямецкім Штутгарце з прызавым фондам 757 тысяч даляраў.

У 1/8 фіналу чацвёртая ракетка планеты сустракалася са 121-ым нумарам рэйтынгу WTA прадстаўніцай Канады Б’янкай Андрэеску і  перамагла ў трохсэтавым паядынку – 6:1, 3:6, 6:2.

44-ы нумар сусветнага рэйтынгу Ілля Івашка завяршыў выступы у Барселоне. У матчы 1/16 фіналу беларус саступіў пятай ракетцы свету грэку Стэфанасу Цыцыпасу – 1:6, 6:4, 2:6.

Беларускае Радыё Рацыя