Юніёрская зборная Беларусі па гандболе пераможна стартавала на турніры



Юніёрская зборная Беларусі пад кіраўніцтвам Астроўскага і Нікуленкава з дзвюх перамог стартавала на міжнародным турніры ў Чэхаве. У першым матчы беларусы адолелі другі склад «Чэхаўскіх мядзведзяў» 30:24, а ў другім упэўнена абыгралі стаўрапальскі „Віктар” -СУОР  – 42:26. Сёння беларусы таксама згуляюць з «Астраханню», а затым пазмагаюцца з расейскімі аднагодкамі.

„Нёман” можа застацца без аднаго з лепшых бамбардзіраў

Адзін з лепшых бамбардзіраў „Нёмана” Крысціян Дзюбіньскі можа пакінуць каманду. Як паведамляе hockey.by, кіраўніцтва клуба цяпер спрабуе ўладзіць ўсе пытанні, каб захаваць форварда, але ініцыятыва ад’езду зыходзіць ад Крысціяна. Дзюбіньскі можа працягнуць кар’еру ў чэмпіянаце Польшчы, адкуль мае некалькі прапаноў. Нападнік перайшоў у „Нёман” у якасці лепшага снайпера і другога бамбардзіра польскага чэмпіянату, набраўшы 58 (28 + 30) ачкоў у 47 матчах.

Алімбекава і Смольскі – у канчатковым спісе ўдзельнікаў „Каляднай гонкі”

Апублікаваны канчатковы спіс удзельнікаў біятлоннай „Каляднай гонкі”, якая пройдзе 28 снежня ў Рупольдынгу. Беларусь прадставяць Дынара Алімбекава і Антон Смольскі. Сёлета не выступяць нарвежскія і французскія біятланісты, паведамляе Ski-Nordique

Зарплата Мілеўскага ў «Мінаі» складзе 3,5 тыс даляраў у месяц

Зарплата новага гульца клуба «Мінай» Арцёма Мілеўскага складзе каля 100 тысяч грыўняў у месяц (ці 3,5 тысячы даляраў), паведамляе «UA-Футбол». Паводле інфармацыі крыніцы, таксама прадугледжаны прэміяльныя. «Мінай» абвясціў аб падпісанні кантракту з Мілеўскім на 1,5 года. Апошнім клубам 35-гадовага ўкраінца было «Дынама» Берасце, за якое ён забіў 20 галоў і зрабіў 32 перадачы ў 104 матчах. Кантракт з беларускім клубам быў разлічаны да 31 снежня 2020 года.

Яцкевіч і Ліхцін працягнулі кантракты з „Крумкачамі”

Форвард Аляксандр Яцкевіч і хаўбек Віталь Ліхцін працягнулі кантракты з „Крумкачамі”, якія будуць выступаць у другім беларускім дывізіёне.  Яцкевіч у мінулым сезоне стаў лепшым бамбардзірам каманды, лепшым па сістэме „гол + пас” і лепшым гульцом года па версіі заўзятараў. Новы кантракт з „Крумкачамі” раней падпісаў абаронца і капітан каманды Павел Грэчышка.

Рафаэль Бенітас можа ўзначаліць маскоўскі „Спартак”

Вядомы іспанскі спецыяліст Рафаэль Бенітас можа ўзначаліць маскоўскі „Спартак”. Цяперашні галоўны трэнер „Спартака” Даменіка Тэдэска абвясціў, што не стане працягваць дзеючы кантракт, разлічаны да лета.

На дадзены момант Бенітас узначальвае кітайскі „Далянь Пра”. Кантракт іспанца з клубам разлічаны да 31 снежня 2021 года. Да гэтага спецыяліст працаваў у ангельскіх „Ліверпулі”, „Чэлсі” і „Ньюкасл Юнайтэд”, мадрыдскім „Рэале”, італьянскіх „Інтэры” і „Напалі” ды іншых клубах.

Галоўным прэтэндэнтам на пасаду галоўнага трэнера „чырвона-белых” называўся Леанарду Жардзім, які знаходзіцца без працы з мінулага года, калі яго ў другі раз за год звольнілі з „Манака”.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя