Юніёрская зборная Беларусі заняла другое месца на „Мядзведзі Cup 2020”



Юніёрская зборная Беларусі (U-18) саступіла камандзе ЦСКА-2 у фінальным матчы моладзевага турніру „Мядзведзі Cup 2020”, які з 25 па 28 снежня прайшоў у Чэхаве – 33:29 (18:15).

Такім чынам, падапечныя Васіля Астроўскага і Дзмітрыя Нікуленкава занялі другое месца на турніры.

Аляксандр Сяднёў можа ўзначаліць казахстанскі „Жэтысу”

Беларускі спецыяліст Аляксандр Сяднёў прэтэндуе на пасаду галоўнага трэнера казахстанскага „Жэтысу”. 47-гадовы трэнер ужо мае досвед працы ў Казахстане, раней ён узначальваў „Актобе”. У адыходзячым годзе Сяднёў працаваў у берасцейскім „Руху”. У мінулым сезоне „Жэтысу” заняў шостае месца ў чэмпіянаце Казахстана, не выканаўшы задачу на сезон – трапіць у зону еўракубкаў.

Галоўны трэнер „Іслачы” Віталь Жукоўскі можа працягнуць кар’еру ў БАТЭ

„Пасля таго, як Сяднёў узяў самаадвод, Арцём Радзькоў бачыўся адзіным кандыдатам на пазіцыю галоўнага трэнера БАТЭ. Аднак, па маёй інфармацыі, прама зараз барысаўскі клуб у актыўных перамовах з Віталём Жукоўскім, – паведамляе журналіст Уладзіслаў Татур.

Яўген Шаўчэнка падпісаў паўнавартасны кантракт з „Рухам”

Беларускі форвард Яўген Шаўчэнка падпісаў паўнавартасны кантракт з берасцейскім „Рухам”. Другую палову сезона-2020 Яўген правёў менавіта ў „Руху”. Гулец перабраўся ў клуб у ходзе абмену футбалістаў паміж „Рухам” і берасцейскім „Дынама”, нагадвае прэс-служба „зялёных”. За 5 месяцаў у „Руху” 24-гадовы нападнік правёў 16 афіцыйных матчаў, забіў 5 галоў і аддаў 5 выніковых перадач.

Роджэр Федэрэр не выступіць на Australian Open ўпершыню з 1998 года

Швейцарац Роджэр Федэрэр не выступіць на „Australian Open”. Пра гэта паведаміў агент тэнісіста Тоні Годзік. „Роджэр вырашыў не граць на турніры. За апошнія месяцы ён дамогся поспеху ў аднаўленні калена і фізпадрыхтоўцы. Аднак ён вырашыў, што ў доўгатэрміновай перспектыве лепшы для яго варыянт – вярнуцца да спаборніцтваў пасля лютага”, – гаворыцца ў заяве Годзіка. Апошні раз Федэрэр прапускаў Australian Open у 1998 годзе.

„Крумкачы” падалі апеляцыю на рашэнне ДК БФФ

„Крумкачы” падалі апеляцыю ў Апеляцыйны камітэт БФФ на рашэнне Кантрольна-дысцыплінарнага камітэта БФФ па справе Ягора Сямёнава і Мухамеда Бала. КДК БФФ раней прызнаў неабгрунтаваным пратэст „Крумкачоў” з нагоды ўдзелу гульцоў „Слуцка” Сямёнава і Бала ў першым пераходным матчы з-за перабору жоўтых картак. „Крумкачы” не пагадзіліся з гэтым рашэннем. „Наш клуб упэўнены ў абгрунтаванасці сваіх прэтэнзій, у выпадку незадавальнення нашых патрабаванняў пакідаем за сабой права звярнуцца ў адпаведныя міжнародныя футбольныя інстанцыі”, – гаворыцца ў апеляцыі.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: handball.by