Юрый Пунтус: Бразільцы трапілі ў паўфінал “на халяву”



63783_345pxБылы галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе Юрый Пунтус дае ацэнку паўфінальнаму матчу Бразілія – Германія (1:7), які прайшоў учора, і прагназуе фінал чэмпіяната свету.

РР: Юрый Іосіфавіч, вам учора не было шкада зборную Бразіліі?

 Юрый Пунтус: Не шкада. Мне здаецца, што бразільцы наогул трапілі ў паўфінал, як кажуць, “на халяву”. Да гэтага камандзе шмат у якіх момантах шэнціла. А вось учора паўфінальны матч паказаў не толькі моц зборнай Нямеччыны, але і слабасць бразільцаў. Нічога яны не маглі зрабіць у атацы без Неймара, хоць не думаю, што і той бы справіўся адзін з нямецкай абаронай. Што датычыцца бразільскіх абаронцаў, то гэта проста сорам. Камандзе з сусветным іменем так гуляць нельга.

 РР: Пасля ўчарашняй гучнай перамогі многія ўжо адразу далі зборнай Нямеччыны тытул чэмпіёнаў свету. Ці не рана?

 Юрый Пунтус: Безумоўна, рана. Калі ў фінале Нямеччына сустрэнецца з галандцамі, то зыход сустрэчы не прадкажа ніхто. Так, немцы сёння – гэта машына, але ж і галандцы моцныя. Ды і калі-небудзь фартуна павінна павярнуцца тварам да “аранжавых” і падарыць ім тытул чэмпіёнаў свету. Так што, калі Галандыя выйдзе ў фінал, я паставіў бы на іх перамогу над Нямеччынай. Але, калі нямецкая каманда сустрэнецца ў рашаючым матчы з Аргенцінай, то мне здаецца, што перамогуць еўрапейцы.

РР: Некаторыя спецыялісты мяркуюць, што гульня зборнай Аргенціны залежыць ад настрою на гульню Месі. Згодны з гэтым?

 Юрый Пунтус: Месі – натуральна, лідар, але сёння, на шчасце, футбол такі, што адзін чалавек лёс матча не вырашыць. Нават Месі.

 РР: Чэмпіянат выходзіць на фініш. Вам гэты мундыяль спадабаўся?

 Юрый Пунтус: Спадабаўся сваёй непрадказальнасцю. Хіба ўчора хто-небудзь мог прадказаць, што каманда Нямеччыны паставіць на калені бразільцаў з лікам 7:1? І, хоць футбол быў “у адну браму”, я ўсё роўна атрымаў задавальненне. Ад антуражу, слёз бразільцаў і радасці немцаў. Ад футбола Нямеччыны і бездапаможнасці зборнай Бразіліі. А наогул, на гэтым чэмпіянаце змаганне было практычна ў кожным матчы. Па сутнасці, мала было прадказальных гульняў, ніхто не быў хлопчыкам для біцця. І калі б зараз у паўфіналах мы ўбачылі зборныя Францыі ці, напрыклад, Калумбіі, то гэта таксама было б справядліва. Але зразумела, што заўсёды камусьці трэба сыходзіць. Не могуць на два крэслы сесці чатыры каманды.

 Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

 Фота football.sport-express.ru