За этап да фінішу беларусы ідуць трэцімі на „Дакары”
Каманда «МАЗ-СПОРТаўта» без інцыдэнтаў пераадолела перадапошні спецучастак ралі-рэйду «Дакар-2020» у Саудаўскай Аравіі. Капотны грузавік «МАЗ», якім кіраваў Сяргей Вязовіч, заняў пятае месца на этапе, але захаваў трэці радок у генеральнай класіфікацыі, паведамілі ў прэс-службе ААТ «МАЗ».
У перадапошні дзень гоншчыкі вярнуліся ў пасёлак Харад. Спецучастак працягласцю 379 кіламетраў уключаў у сябе пясчаныя адрэзкі з выдмамі. Большасць экіпажаў пераадолелі этап без здарэнняў, так што сур’ёзных зменаў у турнірнай табліцы не адбылося.
«МАЗ» Сяргея Вязовіча правёў на трасе 4 гадзіны 57 хвілін. Пераможцам заезду стаў расеец Андрэй Каргінаў, які праехаў на 12 хвілін хутчэй. У агульным заліку беларусы застаюцца на трэцяй пазіцыі, прайграючы лідару 1 гадзіну 52 хвіліны.
Аляксей Вішнеўскі паказаў 11-ты час – 5 гадзін 29 хвілін. Ад пераможца ён адстаў на 44 хвіліны. У абсалютным заліку экіпаж утрымлівае восьмую пазіцыю, прайграючы 5 гадзін 22 хвіліны.
Аляксандр Васілеўскі фінішаваў 14-м. Яго час – 5 гадзін 37 хвілін, а пройгрыш – 52 хвіліны. У турнірнай табліцы экіпаж знаходзіцца на 12-м радку. Ад лепшага выніку яго аддзяляе 6 гадзін 49 хвілін.
Паводле слоў прадстаўнікоў мазаўскай каманды, апошні этап прывядзе экіпажы ў горад Кідзія побач са сталіцай Саудаўскай Аравіі. Згодна з традыцыяй апошні спецучастак будзе кароткім – усяго 167 кіламетраў. Арганізатары абяцаюць «галаўны боль» для штурманаў, але малаверагодна, што гэта моцна адабʼецца на пазіцыях лідараў.
Ралі-рэйд «Дакар-2020» стартаваў 5 студзеня ў Джэдзе. Працягласць маршруту складае каля 8 тыс. км, прычым на спецучасткі прыпадаюць рэкордныя 5 тыс. км. У гонцы ўдзельнічаюць больш за 350 экіпажаў з усяго свету, з іх каля 50 спаборнічаюць у класе грузавікоў.