Зачыстка ў футбольным «Нёмане» працягваецца — затрыманыя трэнер і адміністратарка
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што яны былі падпісаныя і распаўсюджвалі «экстрэмісцкія» матэрыялы. Раней быў затрыманы, а пасля звольнены з каманды спартыўны дырэктар ФК «Нёман» Дзмітрый Кавалёнак.

Затрыманы трэнер — 35-гадовы Дзмітрый Бельскі. Ён скончыў Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, факультэт фізічнай культуры. Больш за дзесяць гадоў трэніруе футбалістаў, мае трэнерскую ліцэнзію UEFA. Цяпер ён трэніруе дзяцей у Спартыўнай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву (СДЮШАР) «Нёман», якая спецыялізуецца на футболе.
Затрымана таксама адміністратарка клуба СДЮШАР «Нёман» — 42-гадовая Юлія Арлашына. Яна гарадзенка, скончыла Гарадзенскі дзяржаўны педагагічны каледж.
У відэа сілавікоў Дзмітрыя Бельскага і Юлію Арлашыну вінавацяць у тым, што яны былі падпісаныя на «эктрэмісцкія» рэсурсы.
