„Засушлівая” серада на мундыялі
Серада выдалася надзвычай засушлівай на мундыялі – у трох сустрэчах гледачы дачакаліся толькі трох галоў.
Цяжка сказаць, чым мараканцы ўгнявілі Алаха, але пакуль іх можна назваць галоўнымі няўдачнікамі чэмпіянату. Зборная пад кіраўніцтвам французскага трэнера Эрве Рэнара абедзве гульні правяла лепш супернікаў, а ў выніку пацярпела дзве паразы і не забіла аніводнага мяча.
У Партугаліі з магрыбцамі былі свае гістарычныя рахункі. На памятным заўзятарам са стажам мексіканскім мундыялі 1986 года пірэнейская дружына саступіла Марока 1:3 і не выйшла тады з групы. Цяпер настаў час рэваншу. Партугальцы, аднак, не выяўлялі асаблівай крыважэрнасці. Яны хутка задаволіліся экспрэс-голам Крышціяну Раналду і далей прытрымлівалі “коней”. Раналду, дарэчы, абнавіў рэкорд, які трымаўся ажно з 1956 года. Менавіта тады знакаміты венгр Феранц Пушкаш спыніўся на адзнацы 84 галы за нацыянальную зборную. У Крышціяну зараз стала 85 – гэта новы еўрапейскі рэкорд за ўсю гісторыю футболу. Праўда, на мундыялях у суперснайпера пакуль толькі 6 галоў і ён у канцы трэцяга дзясятка лепшых бамбардзіраў.
Перманентны адчайны штурм мараканцаў так і не прынёс ім поспеху – так што “атласкія ільвы” пазбавіліся нават тэарэтычных шанцаў на плэй-оф.
Партугалія – Марока – 1:0 (Крышціяну Раналду, 4 хв.)
Савудаўская Арабія вельмі даўно не перамагала на чэмпіянатах свету. Не мела яна аб’ектыўных шанцаў узяць тры ачкі і ў спатканні з Уругваем. А вось намінальна другая каманда Паўднёвай Амерыкі, ад якой на турніры чакаюць шмат, у гэтым паядынку моцна расчаравала. Уругвайцы ў сярэдзіне першага тайма расчынілі браму савудытаў – пасля падавання кутняга брамнік азіятаў на выхадзе злавіў паветра, а юбіляр Луіс Суарас спакойна пераправіў мяч у сетку. Гэта быў 100-ы матч і 52-і гол за нацыянальную дружыну яшчэ аднаго суперкананіра сучаснасці. Загартаваны досведам і лёсам Оскар Табарас у гэтай сустрэчы зноў эксперыментаваў з сярэдняй лініяй, але і на гэты раз хаўбекі нічым асабліва крэатыўным сябе не праявілі. Далей можна даць такую характарыстыку: савудаўцы не маглі, уругвайцы – не хацелі. Адзін з сама нудных матчаў прынёс усё ж тры ачкі “нябесна-блакітным”, абарона якіх выглядае супернадзейна.
Уругвай – Савудаўская Арабія – 1:0 (Луіс Суарас, 23 хв.)
У выніку ў гэтай групе “А” датэрмінова вызначыліся ўдзельнікі плэй-оф. На дэсэрт тут застаецца толькі розыгрыш першай-другой пазіцыі.
Група “А”: 1. Расея – 6 ачкоў (розніца мячоў 8-1), 2. Уругвай – 6 (2-0), 3. Егіпет – 0, 4. Савудаўская Арабія – 0.
Увечары выйшлі на поле дружыны Іспаніі і Ірану. Ісламскія фундаменталісты з першых хвілін акапаліся ля сваёй брамы і метадычна “залівалі бетон”. “Фурыя роха” гуляла ў фірмовы звыклы “міні-футбол” з дробнай перапасоўкай і ніяк не магла прабіцца на ўдарныя пазіцыі. Да перапынку персідскі форт вытрымаў аблогу.
У другім тайме пірэнейцы ўпарта гнулі сваю лінію і ўрэшце дамагліся поспеху. Гэта “шпільмахер” Андрэс Ін’еста працягнуў мяч і выклаў яго для Дыега Косты. А той удала развярнуўся і з дапамогай рыкашэту адкрыў лік. Пасля гэтага іранцы нарэшце ўспомнілі пра другую палову поля, пайшлі ў наступ і нават загналі мяч у браму Давіда дэ Хэа. Аднак пры тым арбітры зафіксавалі афсайд і рэзонна анулявалі гол.
Іспанцы перыядычна актывізоўваліся: іскрыў Іска, Давід Сільва адважна ішоў на іранскіх “галіяфаў”. Урэшце Ін’еста адправіўся на заслужаны адпачынак. Рэзервісты, якіх выпусціў Фернанда Ера асаблівых дывідэндаў еўрапейскім грандам не прынеслі. Падаецца, што трэнерскі штаб “чырвонай фурыі” усё ж дарма не ўзяў у Расею надзвычай карыснага ў кваліфікацыі Альвара Марату.
Іран – Іспанія – 0:1 (Дыега Коста, 54 хв.)
Група “В”: 1-2. Іспанія і Партугалія – па 4 ачкі, 3. Іран – 3, 4. Марока – 0.
У заключным туры партугальцы будуць змагацца за запаветнае ачко з Іранам, а іспанцы паралельна вызначацца са сваім месцам.
Анонс гульняў чацвярга. У Самары а 15-й гадзіне скрыжуюць мячы Данія з Аўстраліяй. Дыспазіцыя няроўная – у паўночных еўрапейцаў ужо ёсць тры ачкі. Але аўстралійцы славяцца сваім баявым духам і адкінуць усе сантыменты.
А 18-й гадзіне Перу належыць здаваць экзамен грозным пакуль толькі на паперы французам. Амаль усе падкрэсліваюць фаварыцкі статус “трохкаляровых”, але нашчадкі інкаў здольныя на сапраўдны сюрпрыз.
Позна увечары (21.00) нас чакае “вішанька на торце” – паядынак Аргенціна – Харватыя ў Ніжнім Ноўгарадзе абяцае стаць сапраўды захапляльным. Абедзве дружыны маюць свой стыль і не намераны адседжвацца ў абароне.
Беларускае Радыё Рацыя