Завяршыўся першы этап футбольнага чэмпіянату
Завяршыўся першы этап футбольнага першынства Беларусі. Каманды загадзя падзяліліся на дзве шасцёркі – так што апошні 22 тур быў пераважна змаганнем за прэстыж. Гарадзенскі “Нёман” прымаў чэмпіёна краіны барысаўскі БАТЭ і саступіў 1:2. Мячы ў гасцей на рахунку Эдгара Аляхновіча (31-я хвіліна) і Андрэя Якаўлева (45-я), у нёманцаў розніцу ў ліку з пенальці скараціў Ягор Зубовіч (71-я). Іншы лідар – сталічнае “Дынама” – святкавала гасцявы поспех у Наваполацку, адолеўшы мясцовы “Нафтан” – 2:0. Да галоў спрычыніліся нігерыец Шыказе Удоджы (48-я) і Ігар Стасевіч (78-я). Сюрпрыз у Салігоску зладзіла берасцейскае “Дынама”, якое прайграючы мясцоваму “Шахцёру”, вырвала валявую вікторыю 3:2 – вырашальны мяч на рахунку лепшага бамбардзіра нацыянальнага футболу Рамана Васілюка (89-я). У салігорцаў дублем вызначыўся Мікалай Януш (23-я, 77-я). У заходнікаў таксама забівалі Вадзім Курловіч (66-я) і Аляксандар Перапечка (74-я). Іншыя паядынкі завяршыліся так: “Тарпеда-БелАЗ” – 0:0, ФК “Менск” – “Белшына” – 0:1 (Дзмітрый Хлебасолаў, 73-я), “Дняпро” – “Слуцк” – 0:2 (Дзмітрый Алісейка, 36-я, 70-я). Першы этап футбольныя каманды завяршылі з такім багажом ачкоў: 1. БАТЭ (Барысаў) – 51 2. “Дынама” (Менск) – 49 3. “Нафтан” (Наваполацк) – 37 4. “Шахцёр” (Салігорск) – 32 5. ФК “Гомель” – 32 6. “Тарпеда-БелАЗ” (Жодзіна) – 31 7. “Нёман” (Гародня) – 27 8. ФК “Менск” – 26 9. “Слуцк” – 25 10. “Дынама” (Берасце) – 22 11. “Белшына” (Бабруйск) – 18 12. “Дняпро” (Магілёў) – 12 Цяпер шасцёркі калектываў павядуць асобнае змаганне ў секстэтах. Беларускае Радыё Рацыя