У фінале Еўра-2020 Англія сустрэнецца з Італіяй
Зборная Англіі па футболе ўпершыню ў гісторыі прабілася ў фінал чэмпіяната Еўропы. У паўфінале ангельцам давялося адыгрывацца ў матчы з сенсацыяй сёлетняга турніру камандай Даніі.
На гэтым фоне на першы план выйшла фізічная падрыхтоўка гульцоў ангельскай дружыны, каментуе спартовы аглядальнік Уладзімір Хільмановіч:
– На маю думку, тактычна зборная дружына Даніі перамагала. І той прыгожы гол, у які ўвасобілася іхная перавага. Але пасля перапынку мы ўбачылі зусім іншыя каманды. Проста была выразная дамінацыя Англіі. Я асабіста не чакаў, што яна настолькі будзе моцная менавіта ў фізічным стане. З аднаго боку гэта лагічна, таму што зборная Англіі – адна з самых маладых. Але тое, што рэзка саслабла Данія, фізічна найперш, і тыя змены пяцёх асноўных гульцоў, яны прывялі да горшага. Гэтыя замены былі заўчаснымі і зашматлікімі таксама.
Нагадаю, ангельцы ў выніку перамаглі 2:1 дзякуючы аўтаголу датчанаў і голу Кейна. У фінале 11 ліпеня на полі лонданскага стадыёна „Уэмблі” ангельцы згуляюць са зборнай Італіі, якая ў паўфінале адолела ў серыі пенальці зборную Іспаніі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя