Зборная Аўстрыі перамагла Латвію ў матчы моладзевага ЧС па хакеі



Зборная Аўстрыі перамагла каманду Латвіі ў асноўны час з лікам 2:1 (1:1, 1:0, 0:0) у матчы чацвёртага тура моладзевага чэмпіянату свету ў першым дывізіёне, які праходзіць у Менску. Дзякуючы перамозе аўстрыйцаў беларусы захоўваюць шанцы на перамогу ў турніры. 13 снежня каманда Дзмітрыя Дудзіка пазмагаецца са славенцамі.

Італьянская біятланістка Даратэя Вірар выйграла спрынт на этапе КС у Хохфільцэне

Італьянская спартоўка Даратэя Вірар перамагла ў спрынце на другім этапе Кубка свету па біятлоне, які праходзіць у аўстрыйскім Хохфільцэне. Італьянка дапусціла адзін промах на першым агнявым рубяжы. Другой стала нарвежка Інгрыд Тандревольд, якая закрыла ўсе мішэні. На трэцяй пазіцыі размясцілася расейка Святлана Міронава з адным промахам. Найлепшы вынік сярод спартовак зборнай Беларусі паказала Ганна Сола – 30-я пазіцыя. Ірына Крыўко заняла 33-е месца, Дынара Алімбекава – 34-е, Алена Кручынкіна размясцілася на 61-м радку пратаколу.

Гандбалісткі зборнай Расеі саступілі камандзе Нідэрландаў у паўфінале чэмпіянату свету

Гандбалісткі зборнай Нідэрландаў сталі першымі фіналісткамі чэмпіянату свету, які праходзіць у японскім Кумамота. У паўфінальным паядынку галандскія спартоўкі ва ўпартай барацьбе адолелі каманду Расеі з мінімальнай перавагай у ліку – 33:32 (16:16). У другім матчы за выхад у фінал віцэ-чэмпіёнкі свету нарвежкі будуць сапернічаць з іспанскай камандай.

Ілля Казьянін выкліканы ў менскае „Дынама” з „Дынама-Маладэчна”

Ілля Казьянін выкліканы ў менскае „Дынама” з „Дынама-Маладэчна”. Малады хакеіст вярнуўся ў стан „зуброў” пасля траўмы. Форвард можа згуляць у бліжэйшых хатніх матчах з „Лакаматывам” і „Сочы”. У гэтым сезоне КХЛ Ілля правёў тры гульні і вызначыўся закінутай шайбай у матчы з „Трактарам”. Казьянін застаецца адзіным гульцом у КХЛ са стоадсоткавай рэалізацыяй кідкоў.

Дзмітрый Ігнаценка працягне кар’еру ў „Гарадзеі”

Абаронца „Гомеля” Дзмітрый Ігнаценка працягне кар’еру ў „Гарадзеі”. У мінулым сезоне футбаліст правёў 11 матчаў за „Гомель”. Усяго ж футбаліст прыняў удзел у 35 гульнях за аснову гомельскага клуба ў чэмпіянатах краіны і вызначыўся адным забітым мячом, адзначае афіцыйны сайт „Гомеля”.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя