Зборная Беларусі дазналася супернікаў па адборы на Еўра-2020



Нідэрлянды, Германія, Паўночная Ірляндыя і Эстонія сталі супернікамі беларускай футбольнай зборнай у адборачным турніры чэмпіянату Еўропы 2020 года. Лёсаванне прайшло 2 снежня ў Дубліне, паведамляе БелаПАН.

Гэтыя каманды згуляюць у групе С.

З Галяндыяй беларуская каманда сустракалася ў кваліфікацыі чэмпіянатаў Еўропы 1996 года, 2004 і 2008 гадоў, чэмпіянату свету 2018 года (2 перамогі, 6 паражэнняў, розніца мячоў 5-17).

Эстонія была супернікам зборнай Беларусі ў кваліфікацыі ЧС-1998 (1 перамога, 1 паражэнне, 1-1). Яшчэ тры разы яны сустракаліся ў таварыскіх матчах (1 перамога, 2 паражэнні, 3-4).

З Германіяй і Паўночнай Ірляндыяй Беларусь згуляе ў кваліфікацыі ўпершыню. У яе летапісе па адным таварыскім матчы (з немцамі — нічыя 2:2 у 2008 годзе, з паўночнаірландцамі — паражэнне 0:3 у 2016 годзе).

Склад астатніх груп:

А — Англія, Чэхія, Балгарыя, Чарнагорыя, Косава;

В — Партугалія, Украіна, Сербія, Літва, Люксембург;

D — Швайцарыя, Данія, Ірляндыя, Грузія, Гібралтар;

Е — Харватыя, Уэльс, Славакія, Венгрыя, Азербайджан;

F — Іспанія, Швецыя, Нарвегія, Румынія, Фарэрскія а-вы, Мальта;

G — Польшча, Аўстрыя, Ізраіль, Славенія, Македонія, Латвія;

H — Францыя, Ісляндыя, Турцыя, Албанія, Малдова, Андора;

I — Бельгія, Расея, Шатляндыя, Кіпр, Казахстан, Сан-Марына;

J — Італія, Боснія і Герцагавіна, Фінляндыя, Грэцыя, Арменія, Ліхтэнштайн.

Па выніках двухкругавога турніру, які пачнецца ў сакавіку 2019 года, дзве лепшыя каманды кожнай групы выйдуць у фінальную частку Еўра-2020. Яшчэ чатыры пуцёўкі будуць разыграныя ў Лізе нацый, дзе па выніках групавога раўнда працягвае змаганне беларуская зборная.

Фінальная частка Еўра-2020 пройдзе ў 12 краінах Еўропы з 12 чэрвеня па 12 ліпеня. Вырашальны матч адбудзецца ў Лондане.

БелаПАН