Зборная Беларусі па футболе на 80-м месцы ў рэйтынгу ФІФА
У параўнанні з ранейшым спісам у жніўні нацыянальная каманда страціла дзве пазіцыі. У верасні падапечныя Ігара Крывушэнкі стартавалі ў Лізе Нацый. У Менску на стадыёне „Дынама” яны абыгралі Сан-Марына (5:0), а ў Кішынёве згулялі ўнічыю з Малдовай (0:0). У актыве зборнай 1304 балы. 81-ы радок рэйтынгу займае зборная Кюрасаа.
Першае месца дзеляць адразу дзве нацыянальныя каманды: Бельгіі і Францыі – па 1729 ачкоў. Такая сітуацыя пры падвядзенні рэйтынгу склалася ўпершыню. На трэцяй пазіцыі спіса знаходзіцца Бразілія – 1663 балы.
З краін былога СССР найбольш высокі рэйтынг ФІФА ў футбалістаў Украіны – 29-е месца (1483 балы). Каманда Расеі займае 46-ю пазіцыю – 1423 балы.