Зборная Беларусі па міні-футболе сярод каталіцкіх святароў прыме ўдзел у ЧЕ 



Зборная Беларусі па міні-футболе сярод каталіцкіх святароў прыме ўдзел у Чэмпіянаце Еўропы, які адбудзецца гэтымі днямі ў Чарнагорыі.

Кантынентальны турнір пройдзе ўжо 13-ы раз. Змагацца за чэмпіёнства ў ім будуць гэтым разам  17 зборных. Па словах галоўнага трэнера зборнай – Андрэя Багдзевіча, нягледзячы на складанае  лёсаванне, беларускія каталіцкія святары будуць ставіць перад сабою ў гэтым турніры самыя высокыя мэты.

– Да гэтага Чэмпіянату Еўропы мы сур’ёзна падыходзім, сур’ёзна да яго рыхтаваліся. Правялі шэраг спарынгаў з моцнымі дружынамі нашай вобласці. У нас падабраўся зараз добры склад – сплаў досьведу з моладдзю. Таму я  веру ў тое, што мы можам як мага лепей выступіць на гэтым Чэмпіянаце Еўропы.

Удзельнікі Чэмпіянату папярэдне падзеленыя на 4 групы. Да Беларусі ў квартэт патрапілі акрамя гаспадароў турніру, мінулагоднія срэбныя ды бронзавыя прызёры – каманды Партугаліі ды Босніі.

Найлепшым дасягненнем зборнай Беларусі пакуль з’яўляецца 4-е месца на хатнім Чэмпінаце, які праходзіў у Лідзе ў 2014 годзе.

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя