Зборная Беларусі па міні-футболе выйшла ў элітны раўнд кваліфікацыі ЧС
Зборная Беларусі па міні-футболе перамагла каманду Англіі і выйшла ў элітны раўнд кваліфікацыі чэмпіянату свету 2020 года. У заключным матчы спаборніцтваў у 4-й адборавай групе ў Італіі падапечныя Аляксандра Савінцава перайгралі ангельцаў з лікам 5:2. У першай гульні беларусы згулялі ўнічыю з італьянцамі – 3:3, а затым перамаглі венграў 2:0. Лёсаванне вырашальнага раўнда кваліфікацыі сусветнага першынства адбудзецца 7 лістапада. У яго акрамя беларусаў і італьянцаў выйшлі зборныя Іспаніі, Фінляндыі, Славеніі, Украіны, Азербайджана, Славакіі, Казахстана, Румыніі, Сербіі, Францыі, Расеі, Харватыі, Чэхіі і Партугаліі.
Яўген Дадонаў падпісаў двухбаковы кантракт з менскім «Дынама»
Беларускі форвард Яўген Дадонаў перайшоў з салігорскага «Шахцёра» ў менскае «Дынама». Нападнік падпіша з «зубрамі» двухбаковы кантракт да канца сезону. У складзе «гарнякоў» Дадонаў правёў пяць сезонаў. У сёлетнім чэмпіянаце Беларусі ён згуляў 19 матчаў, у якіх адзначыўся 16 (9+7) выніковымі баламі, паказчыкам карыснасці «+8». У складзе менскага «Дынама» Дадонаў раней знаходзіўся на праглядзе. У трох матчах КХЛ ён ачкоў не набраў.
Аляксандр Андрыеўскі ўзначаліў «Сочы»
Беларускі спецыяліст Аляксандр Андрыеўскі прызначаны галоўным трэнерам «Сочы». У КХЛ Андрыеўскі працаваў з менскім «Дынама», «Адміралам» і «Сібірʼю». Да кастрычніка Андрыеўскі заставаўся без працы. «Сочы» размяшчаецца на 10-м месцы ў табліцы Заходняй канферэнцыі КХЛ.
Эліна Світоліна ў двух сэтах перамагла Караліну Плішкаву на выніковым турніры ВТА
Украінская тэнісістка Эліна Світоліна (8 ВТА) абыграла чэшку Караліну Плішкаву (2) у матчы групавога раўнда Выніковага турніру Жаночай тэніснай асацыяцыі ў Шэньчжэне – 7:6 (12), 6:4.
Гімнасткі менскага «Дынама» выйгралі бронзу на турніры ў Японіі
Беларускія грацыі Кацярына Галкіна, Аліна Гарноська і Дарʼя Ткачова, якія баранілі колеры менскага «Дынама», выйгралі бронзу ў камандным мнагаборстве прэстыжнага міжнароднага турніру AEON CUP-2019, які завяршыўся ў Японіі. Ён праходзіў у статусе неафіцыйнага клубнага чэмпіянату свету па мастацкай гімнастыцы. Сталічныя дынамаўкі паказалі вынік 237,400 бала. Срэбра заваявалі ўкраінскія гімнасткі «Школы Дзяругінай». Чэмпіёнскі тытул захавала каманда «Газпрам».
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: bizlida.by