Зборная Беларусі па пляжным футболе ўпершыню заваявала срэбра Еўралігі



Зборная Беларусі па пляжным футболе стала срэбраным прызёрам Еўралігі, фінальны этап якой завяршыўся ў партугальскім горадзе Фігейра-да-Фош. У вырашальным паядынку суперфінала беларусы саступілі камандзе Партугаліі з лікам 4:7. У пачатку матчу беларуская каманда зарабіла пенальці, але Анатоль Рабко яго не рэалізаваў. Пасля гэтага гаспадары турніру трывала завалодалі ініцыятывай і забілі 6 мячоў. Толькі ў трэцім перыядзе беларусы зайгралі ў поўную сілу і змаглі вызначыцца чатыры разы. У складзе беларускай дружыны мячы забілі Анатоль Рабко, Мікіта Чайкоўскі, Яўген Новікаў і Юрый Пятроўскі. Для зборнай Беларусі гэта лепшы вынік за ўвесь час выступаў у Еўралізе. Да гэтага беларусы двойчы запар фінішавалі пятымі.

 

БАТЭ выйграў у „Смаргоні”

У футбольным чэмпіянаце Беларусі прайшлі матчы 22-га тура. Барысаўскі БАТЭ перайграў у гасцях футбалістаў „Смаргоні” з лікам 3:1. Жодзінскія тарпедаўцы выйгралі на выездзе ў „Мінска” 2:0. З такім жа лікам „Іслач” абыграла ў Маладэчне гарадзенскі „Нёман”, дзякуючы дакладным ударам Даніэля Созаха і Максіма Санца. У Берасці мясцовае „Дынама” і „Слуцк” не выявілі пераможцу – нічыя 0:0. Футбалісты „Гомеля” разграмілі на сваёй арэне „Віцебск” 4:1 – дубль аформіў абаронца гамяльчан Аляксей Іваноў. Футбалісты менскага „Дынама” перамаглі з лікам 1:0 сталічны „Энергетык-БДУ”. У Мазыры мясцовая „Славія” і берасцейскі „Рух” згулялі ўнічыю – 1: 1. Пасля 19 матчаў працягвае лідыраваць салігорскі „Шахцёр” – 50 ачкоў, БАТЭ набраў 48 ачкоў пасля 22 гульняў, у сталічнага „Дынама” – 45.

 

„Рэал” вырваў перамогу ў „Сэльты”

Мадрыдскі «Рэал» разграміў «Сэльту» 5:2, прайграючы ёй пасля першага тайма матчу 4-га тура іспанскай Прымеры – хет-трыкам адзначыўся Карым Бензема. „Эспаньёл” саступіў „Атлетыка” ў матчы 4-га тура чэмпіянату Іспаніі – 1:2. Мадрыдцы забілі пераможны мяч на дзявятай кампенсаванай да другога тайма хвіліне. „Ліверпуль” на выездзе перайграў „Лідс” ў матчы 4-га тура чэмпіянату Англіі – 3:0. У чэмпіянаце Італіі „Мілан” „усухую” перамог „Лацыё” – 2:0 – другі гол на рахунку Златана Ібрагімавіча. «Рома» ў 1000-м матчы Маўрынью вырвала перамогу ў «Сасуола» 2:1. Менскае „Дынама” выйграла ў „Ак Барса”

 

„Зубры” перамаглі „барсаў”

Менскае „Дынама” выйграла ў казанскага „Ак Барса” ў матчы чэмпіянату КХЛ. Паядынак на „Мінск-Арэне” завяршыўся з лікам 5:2 – па дзве шайбы закінулі Мальтэ Стрэмваль і Уладзімір Алістраў, а таксама вызначыўся Тэйлар Бэк.

 

Беларускія барцы выйгралі 12 узнагарод турніру на прызы Аляксандра Мядзведзя

Беларускія барцы выйгралі 12 узнагарод у другі дзень 50-га Міжнароднага турніру Гран-пры па вольнай барацьбе сярод мужчын і жанчын на прызы трохразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя. Спаборніцтвы праходзілі ў сталічным спарткомплексе „Чыжоўка-Арэна”. Залатыя медалі ў спаборніцтвах мужчын выйгралі Андрэй Бекрэнеў (у вагавай катэгорыі 62 кг), Амаргаджы Магамедаў (у вазе 92 кг), Дзяніс Храмянкоў (125 кг). У спаборніцтвах жанчын не было роўных Вераніцы Івановай (вага 62 кг). Напярэдадні беларуская каманда выйграла восем медалёў рознай вартасці. Удзел у спаборніцтвах на прызы Аляксандра Мядзведзя прымалі каля 200 атлетаў з 9 краін.

 

Рык’ярда стаў пераможцам „Гран-пры Італіі”

Пілот каманды „Макларен” Даніэл Рык’ярда выйграў „Гран-пры Італіі” Формулы-1. Другім стаў яго напарнік Ланда Норыс, трэцім – пілот „Мэрсэдэса” Валтэры Ботас. Лідары чэмпіянату Макс Ферстапен і Льюіс Хэмілтан вылецелі з трасы пасля сутыкнення адзін з адным і не змаглі завяршыць гонку.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя