Зборная Беларусі па пляжным футболе заваявала бронзу Еўралігі
Беларусы занялі трэцяе месца ў суперфінале Еўралігі па пляжным футболе. У італьянскім Альгера ў паядынку за бронзавыя ўзнагароды зборная Беларусі ва ўпартай барацьбе адолела каманду Партугаліі 6:5. Падчас сустрэчы беларусы саступалі 1:3, потым вялі 5:4, і ў выніку за 30 секунд да фінальнай сірэны Мікіта Чайкоўскі забіў пераможны гол.
Футбалісты „Славіі” ўзняліся на трэцяе месца ў чэмпіянаце Беларусі
Футбалісты „Славіі” ўзняліся на трэцяе месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі. У Мазыры падначаленыя Івана Біёнчыка перайгралі „Іслач” з Менскага раёна з лікам 2:1. Усе мячы былі забітыя на працягу пяці хвілін у сярэдзіне другога тайма: спачатку Кірыл Сідарэнка вывеў гаспадароў наперад, потым Дзмітрый Латыхаў зраўняў лік, а неўзабаве нападнік мазыран Аляксей Анцілеўскі забіў пераможны мяч. У іншым матчы „Нафтан” у Наваполацку выйграваў у футбалістаў „Смаргоні” 2:0, але госці не здаліся і ў выніку дамагліся нічыі – 2:2.
ВРЗ і „Сталіца” дамагліся перамог
У нядзелю адбыліся два матчы 2-га тура чэмпіянату краіны па міні-футболе. ВРЗ і „Сталіца” дамагліся перамог. Гомельскі ВРЗ абыграў сталічную „Ахова-Дынама” — 3:1. „Сталіца” у гасцях разграміла „Дынама-БНТУ” 4:1.
Кендыша выдалілі за дзве жоўтыя ў канцоўцы першага тайма, яго каманда прайграла „ўсухую”.
„Жальгірыс” на хатняй арэне саступіў „Каўно Жальгірысу” ў матчы 31-га тура чэмпіянату Літвы — 0:2. У гаспадароў беларускі паўабаронца Юрый Кендыш выйшаў у старце і атрымаў дзве жоўтыя карткі на 45-й і 46-й хвілінах. Каманда Кендыша з 68 ачкамі ідзе другой у табліцы, адстаючы на дзевяць балаў ад „Паневежыса”.
«Атлетыка» упэўнена абыграў «Рэал» у мадрыдскім дэрбі
Завяршыўся матч 6-га тура іспанскай Прымеры паміж мадрыдскімі „Атлетыка” і „Рэалам”. У самым пачатку сустрэчы, на чацвёртай хвіліне, нападнік «Атлетыка» Альвара Марата адкрыў лік у матчы, вывеўшы гаспадароў наперад. Неўзабаве, на 18-й хвіліне, Антуан Грызман падвоіў перавагу «Атлетыка» ў сустрэчы. На 36-й хвіліне паўабаронца «Рэала» Тоні Кроас адыграў адзін мяч, забіўшы выдатным ударам з-за штрафной. У самым пачатку другога тайма, на 46-й хвіліне, Альвара Марата зноў падвоіў перавагу „Атлетыка” ў сустрэчы, аформіўшы дубль і ўсталяваў канчатковы лік — 3:1. Такім чынам, „Рэал” размясціўся на трэцім радку турнірнай табліцы. „Каралеўскі клуб” набраў 15 ачкоў у шасці матчах. На рахунку „Атлетыка” зараз дзесяць ачкоў – каманда займае шостае месца ў табліцы. У тройку лідэраў, акрамя „Рэала”, уваходзяць „Барселона” і „Жырона”, якія маюць па 16 ачкоў.
Хакеісты менскага „Дынама” адыгралі дэфіцыт у тры шайбы, але саступілі „Тарпеда”
Хакеісты менскага „Дынама” пацярпелі чарговую паразу ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. У трэцім матчы хатняй серыі падначаленыя Дзмітрыя Квартальнава прымалі аднаго з лідэраў Заходняй канферэнцыі – ніжагародскае „Тарпеда”. Па ходу стартавай трэці мінчане тройчы заставаліся ўчатырох, але абараніць сваю брамку ў меншасці ўдалося толькі раз: на перапынак госці пайшлі, ведучы 2:0. У другім перыядзе каманды абмяняліся галамі, у складзе „Дынама” вызначыўся Арсеній Брынкман. У заключнай 20-хвілінцы „зубры” здолелі адыграцца дзякуючы намаганням Ніка Мёрклі і Рамана Гарбунова, але шайба беларускага абаронцы ніжагародцаў Данііла Бокуна прынесла „Тарпеда” перамогу з лікам 4:3. Гэтая параза стала для мінчан шостай у дзевяці матчах сезона. Наступны паядынак „Дынама” правядзе 26 верасня, у госці прыедзе казанскі „АК Барс”.
„Шахцёр” прайграў „Газпром-Югры”, але выйшаў у плэй-оф
Салігорская каманда саступіла ў Сургуце ў матчы першага этапу Кубка Расеі — 1:3. Тым не менш „Шахцёр” прабіўся ў 1/16 фіналу, абышоўшы „Газпром-Югру” ў табліцы па дадатковых паказчыках.
Беларускае Радыё Рацыя