Зборная Беларусі па скачках на батуце заваявала першае золата ЧС у Баку
Зборная Беларусі па скачках на батуце заваявала першае золата чэмпіянату свету ў Баку ў камандным турніры ў мужчын.
Беларусь у гэтым відзе праграмы прадстаўлялі Іван Літвіновіч, Алег Рабцаў, Андрэй Буйлоў і Аляксей Дудараў. Больш за два балы чэмпіёнам саступілі срэбраныя прызёры – атлеты каманды Японіі. Бронзу заваявалі расейцы. Сёння будуць разыграны медалі ў сінхронных скачках. Сярод васьмі фіналістаў – Алег Рабцаў і Андрэй Буйлоў, якія паказалі лепшы вынік у кваліфікацыі.
Ілля Шымановіч пабіў свой сусветны рэкорд на сотні брасам
У Эйндховэне праходзіць этап Міжнароднай лігі плавання на кароткай вадзе. Беларус Ілля Шымановіч пабіў свой сусветны рэкорд на сотні брасам. Новы сусветны рэкорд склаў 55,32 секунды, што на дзве сотыя лепш за сусветны рэкорд, які яму і належыць. Вынік павінен быць ратыфікаваны Міжнароднай федэрацыяй плавання.
Хакеісты менскага „Дынама” на хатняй арэне прайгралі маскоўскаму ЦСКА
Хакеісты менскага „Дынама” прымалі маскоўскі ЦСКА у чарговым матчы КХЛ. Гульня скончылася ўпэўненай перамогай гасцей — 6:3. У першым перыядзе „зубры” прапусцілі дзве шайбы, аднак да перапынку паспелі адну адыграць — дзякуючы Іллі Шынкевічу. У другім перыядзе армейцы забілі яшчэ адну шайбу, рэалізаваўшы большасць. У трэцім перыядзе госці дадалі яшчэ тры, а „бела-сінія” здолелі адзначыцца толькі двойчы намаганнямі Паўла Варфаламаева і Мальтэ Стромваля.
Мікалай Стасенка перайшоў у польскую „Унію”
Абаронца Мікалай Стасенка 1987 года нараджэння стаў гульцом польскага хакейнага клуба „Унія”, перадае афіцыйны сайт клуба.
У мінулым сезоне габарытны гулец выступаў за „Дынама-Маладзечна”, згуляўшы 25 матчаў і набраўшы 5 ачкоў. У кар’еры Стасенкі больш за 400 матчаў у КХЛ, Мікалай – трохразовы чэмпіён Беларусі.
Валейбалісткі „Мінчанкі” саступілі „Дынама-Ак Барсу” у матчы расейскай суперлігі
Валейбалісткі „Мінчанкі” саступілі казанскай дружыне „Дынама-Ак Барс” у матчы расейскай суперлігі – 0:3. Самымі выніковымі ў складах каманд сталі Саманта Фабрыс у „Дынама-Ак Барс”, якая набрала 18 ачкоў, у складзе «Мінчанкі» Ксенія Лябёдкіна зарабіла 10 балаў.
Алег Мікановіч узначаліў мужчынскую зборную Беларусі па валейболе
У Міністэрстве спорту і турызму адбылася атэстацыя нацыянальных каманд па валейболе. Галоўны трэнер менскага „Будаўніка” Алег Мікановіч з 1 студзеня зменіць на пасадзе галоўнага трэнера мужчынскай нацыянальнай зборнай Віктара Бекшу, які працаваў у зборнай з 2017 года. Жаночую нацыянальную каманду працягне ўзначальваць Станіслаў Салікаў. У наступным сезоне плануецца ўдзел нацыянальных каманд у Еўралізе і адборавых матчах чэмпіянату Еўропы – 2023 года.
Кіеўскае „Дынама” на выездзе разграміла „Чарнаморац”, Шкурын вызначыўся двума галявымі пасамі
Кіеўскае „Дынама” на выездзе разгромна перамагло „Чарнаморац” у матчы 15-га тура ўкраінскага чэмпіяната 6:1. Беларускі форвард гасцей Ілля Шкурын вызначыўся дзвюма галявымі перадачамі на Віціньё і быў заменены на 65-й хвіліне. „Аўгсбург” нечакана абыграў „Баварыю” ў матчы 12-га тура Бундэслігі. Адзіны гол за мюнхенцаў забіў польскі нападнік Роберт Левандоўскі.
Каспер Рууд прабіўся ў паўфінал выніковага турніру АТР
Нарвежац Каспер Рууд, які мае 8-ы нумар сусветнага рэйтынгу, апошнім прабіўся ў паўфінальную стадыю выніковага турніру Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР), які праходзіць у італьянскім Турыне.
У паядынку за другое месца ў Зялёнай групе нарвежскі тэнісіст ва ўпартай барацьбе перайграў пятую ракетку планеты расейца Андрэя Рублёва – 2:6, 7:5, 7:6. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 26 хвілін. У апошнім матчы папярэдняга этапа пераможца гэтага квартэта першы нумар рэйтынгу АТР серб Новак Джокавіч будзе супернічаць з брытанцам Кэмеранам Норы.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: © AP / Natacha Pisarenko