Зборная Беларусі перамагла на фінішы кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы



Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі перамогай завяршылі выступы ў адборавым турніры чэмпіянату Еўропы 2024 года. У паядынку 10-га тура кваліфікацыйнай групы I падначаленыя іспанскага спецыяліста Карласа Алоса Ферэра адолелі ў Прышціне футбалістаў Косава з лікам 1:0. У першай палове сустрэчы беларусам давялося ў асноўным абараняцца і шукаць шанец у контратаках. Адна з іх завяршылася голам – на 43-й хвіліне вызначыўся Дзмітрый Антылеўскі далёкім ударам. Пасля перапынку гульня ішла ў тым жа ключы, але мячоў гледачы больш не ўбачылі.

Беларускія футбалісты не выйшлі ў элітны раунд кваліфікацыі юніёрскага Чэмпіяната Еўропы

Футбалісты юніёрскай зборнай Беларусі (U-19) не змаглі прабіцца ў элітны раўнд першынства Еўропы. У заключным матчы кваліфікацыйнай групы 8 у турэцкім Манаўгаце каманда Міхаіла Мархеля прайграла футбалістам Літвы з лікам 0:2. Абодва мячы ў канцы другога тайма забіў Рамуальдас Янсанас. У стартавым туры беларусы перамаглі аднагодкаў з Грэцыі з лікам 1:0, а затым саступілі гаспадарам турніру туркам – 1:3.

„Брэст”, „Хімік” і „Дынама-Маладэчна” перамаглі ў матчах экстралігі

Трыма матчамі ў Менску, Магілёве і Маладэчне працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Хакеісты „Юнацтва” на сваёй пляцоўцы другі раз за тры дні прайгралі „Брэсту”. Папярэдняя сустрэча каманд 19 лістапада ў Менску скончылася ў серыі булітаў, на гэты раз гаспадары лёду не дацягнулі нават да авертайму. Гульцы берасцейскага клуба закінулі па разу ў кожным з перыядаў, „Юнацтва” адказала толькі шайбай за некалькі хвілін да сірэны. У выніку 3:1, паўднёўцы здабываюць чацвёртую перамогу ў пяці матчах, мінчане ж працягваюць адчуваць праблемы – за 10 апошніх гульняў набрана ўсяго 6 ачкоў. Паралельна на ўсходзе краіны з ідэнтычным лікам – 3:1 на карысць гасцей – скончыўся паядынак „Магілёва” і „Хіміка”, гол плюс пас за паўночнікаў аформіў Аляксей Садовік. Дзякуючы гэтаму поспеху „хімікі” падцягнуліся да чацвёртага месца „Юнацтва” на адлегласць усяго аднаго ачка. У самым познім матчы аўторка сышліся „Дынама-Маладзечна” і „Лакаматыў”. Асноўны час завяршыўся ўнічыю, але ўжо на 15-й секундзе авертайму перамогу „бела-блакітным” прынёс камандзіраваны з мінскага „Дынама” Цімафей Каўгарэня – 3:2. Маладзечанцы працягнулі серыю з набранымі ачкамі да шасці гульняў і дагналі ў табліцы жлобінскі „Металург”, які ідзе дзевятым.

Штохл стаў трэнерам брамнікам „Мяшкоў Брэст”

Рыхард Штохл нарадзіўся ў невялікім славацкім мястэчку Міхалаўцы, дзе і спасцігаў азы гандбола. У сезоне-2009/10 выступаў разам з Эдуардам Какшаравым за «Цэле», пасля чаго на працягу пяці гадоў гуляў на групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў за «Манпелье» і «Чэхаўскіх мядзведзяў», „Матор” і „Райн Лёвэн”. Пад канец брамавай кар’еры абараняў колеры славацкіх «Тапальчан» і венгерскага «Эгера» і толькі ў 2018-м, у 42 гады, павесіў красоўкі на цвік. За ўвесь час сабраў вялікую калекцыю трафеяў. Станавіўся чэмпіёнам амаль ва ўсіх краінах, у якіх гуляў (акрамя Венгрыі). Штохл дзевяць разоў прызнаваўся лепшым гандбалістам Славакіі і дагэтуль з вялікім адрывам застаецца рэкардсменам зборнай па колькасці матчаў – 229 гульняў. Ён удзельнічаў у двух чэмпіянатах свету і трох чэмпіянатах Еўропы, у тым ліку неаднаразова супрацьстаяў беларусам. У апошні час Рыхард працаваў на радзіме ў клубе „Кошыцэ”, дзе трэніраваў моладзь і займаўся з брамнікамі асноўнай каманды, зазначае прэс-служба „Мяшкоў Брэст”.

Стэфэн Кары на працягу 14 матчаў рэалізуе не менш за чатырох трохачковых – гэта рэкорд

Зорны разыгрываючы «Голдэн Стэйт Уорыёрз» Стэфэн Кары рэалізуе не менш за чатыры трохачковыя кідкі на працягу 14 матчаў НБА. Такім чынам, ён паўтарыў свой рэкорд, які ён усталяваў у перыяд з 20 студзеня па 11 лютага 2021 года. Варта адзначыць, што першым, каму ўдалося прадэманстраваць такую серыю, быў Джэймс Хардэн. Калі Кары здолее запісаць у свой актыў чатыры трохачковыя ў наступнай сустрэчы, то стане адзінаасобным уладальнікам рэкорду.

ВАДА занепакоена з-за новага віда допінга, які атрымліваюць з крыві марскіх чарвякоў

Кроў марскіх чарвякоў – пескурылаў можна выкарыстоўваць для атрымання допінгу. Французскі навукоўца Франк Заль выявіў, што адна малекула гемаглабіну чарвяка пераносіць у 40 разоў больш кіслароду, чым малекула гемаглабіну чалавека. Такім чынам, гемаглабін з крыві марскога чарвяка можа быць выкарыстаны ў якасці «ўніверсальнага кровазамяняльніка», які падвышае цягавітасць і працаздольнасць арганізма. Рэчыва можна захоўваць пры пакаёвай тэмпературы, што выключае неабходнасць замарожвання і палягчае транспарціроўку. Акрамя таго, гэты гемаглабін сумяшчальны з усімі групамі крыві і не выклікае алергічных рэакцый. „Кансервант, які змяшчае ў якасці актыўнага кампанента гемаглабін марскога чарвяка, нядаўна атрымаў маркіроўку, якая дазваляе яго продаж у Еўропе ў якасці медыцынскага вырабу. Гэта робіць прэпарат даступным для спартоўцаў-ашуканцаў», – паведаміла прадстаўнік антыдопінгавага агенцтва Францыі Адэлін Маліна.

Беларускае Радыё Рацыя