Зборная Беларусі прайграла Чарнагорыі



Зборная Беларусі па футболе правяла свой апошні матч у бягучым годзе. У таварыскай сустрэчы падначаленыя Міхаіла Мархеля прайгралі зборнай Чарнагорыі з лікам 0:2. Беларусы даволі жвава пачалі матч і ўжо на другой хвіліне маглі адкрыць лік. Стас Драгун вывеў Віталя Лісаковіча практычна адзін на адзін з брамнікам, але наш форвард не змог перайграць галкіпера. Здавалася, што нашы футбалісты ўпэўнена валодаюць ініцыятывай. Але гаспадары здолелі непрыемна здзівіць.

На восьмай хвіліне ледзь не першая атака чарнагорцаў скончылася ўзяццем беларускай брамы. А праз пяць хвілін беларусы зноў прапусцілі. Чарговы правал у абароне прывёў да прастрэлу з флангу, і непрыкрыты гулец чарнагорскай зборнай даслаў мяч у браму Беларусі. Бліжэй да канца матчу Мархель зрабіў яшчэ пару замен, але і яны не дапамаглі камандзе забіць хоць бы гол прэстыжу. 26 сакавіка наступнага года ў Тбілісі беларусам трэба будзе згуляць у плэй-оф Лігі нацый супраць зборнай Грузіі. Калі наша каманда пераможа, то 31 сакавіка згуляе ў фінале з пераможцам пары Косава – Паўночная Македонія. Гэта будзе матч за трапленне на Еўра-2020.

Беларуская „маладзёжка” перамагла гібралтарцаў у кваліфікацыі ЧЕ-2021

Футбалісты моладзевай зборнай Беларусі перамаглі каманду Гібралтару з лікам 2:0 у адборавым турніры першынства Еўропы-2021. У гасцявой сустрэчы з аўтсайдарам 7-й кваліфікацыйнай групы беларусы адкрылі лік на 25-й хвіліне, калі Павал Сядзько рэалізаваў пенальці. Пасля перапынку госці працягвалі валодаць ініцыятывай і на зыходзе гадзіны гульнёвага часу Ілля Шкурын забіў другі мяч, усталяваўшы канчатковы лік.

Зборная Уэльса выйшла на Еўра-2020

У матчы 10-га тура адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы 2020 года зборная Уэльса прымала нацыянальную каманду Вугоршчыны і выйграла 2:0, заняўшы 2-е месца ў турнірнай табліцы групы Е. Раней на чэмпіянат Еўропы выйшла зборная Харватыі. Зборная Польшчы прымала ў Варшаве Славенію. Матч завяршыўся з лікам 3:2. На 3-й хвіліне паўабаронца гаспадароў Себасцьян Шыманьскі вывеў сваю каманду наперад. На 14-й хвіліне госці аднавілі раўнавагу намаганнямі нападніка Ціма Матаўжа. У пачатку другога тайма, на 54-й хвіліне, палякі зноў павялі ў ліку дзякуючы дакладнаму ўдару форварда Роберта Левандоўскага. Праз усяго 7 хвілін лік параўняў хаўбек славенцаў Ёсіп Ілічыч. Перамогу гаспадарам на 81-й хвіліне прынёс паўабаронца Яцэк Гуральскі. Зборная Германіі разграміла каманду Паўночнай Ірляндыі 6:1. Паўабаронца Леон Гарэцкі аформіў дубль ў гэтай сустрэчы, Серж Гнабры запісаў на свой рахунак хет-трык. Нідэрлянды разграмілі Эстонію 5:0. Зборная Расеі з такім жа лікам абыграла Сан-Марына.

БГК імя Мяшкова перамог „Заграб” у хатнім матчы SEHA-лігі

Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова абыграў харвацкі „Заграб” з лікам 33:29 у хатнім матчы SEHA-лігі. У першым тайме паядынку, які праходзіў у берасцейскім спарткомплексе „Вікторыя”, гаспадары мелі невялікую перавагу і пайшлі на перапынак з мінімальнай перавагай у ліку – 16:15. У другім тайме берасцейцы згулялі больш упэўнена і ў выніку выйгралі з перавагай у чатыры мячы – 33:29. Свой наступны матч гэтага турніру чэмпіёны Беларусі правядуць 2 снежня ў гасцях у маскоўскага „Спартака”.

«Зубры» прайгралі першы матч выязной серыі

Менскае „Дынама” саступіла ніжагародскаму „Тарпеда” у першым матчы чарговай выязной серыі чэмпіянату КХЛ з лікам 2:3 – у складзе «зуброў» адзначыліся Алег Явенка і Куінтан Хаўген. Наступны матч „зубры” згуляюць 21 лістапада ў гасцях супраць маскоўскага „Спартака”.

Баксёры павінны адпрацаваць свае грошы – заявіў галоўны трэнер

Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па боксе Валерый Карнілаў распавёў пра абавязкі баксёраў, якія будуць змагацца за месца на Алімпіядзе ў Токіо-2020. Яго словы прагучалі ў перадачы „Спорт-кадр” на тэлеканале „Беларусь 5”. «Усе нашы баксёры – грамадзяне рэспублікі Беларусь. Яны трэніруюцца тут, атрымліваюць 900 рублёў заробку. Увогуле, гэта вялікія грошы, калі сказаць нашаму рабочаму з Трактарнага завода. Гэтыя сумы яны абавязаны адпрацоўваць», – дадаў галоўны трэнер.

Беларускае Радыё Рацыя