Зборная Беларусі прайграла Грузіі і скончыла шлях на EURO’2020 



Зборная Беларусі ў матчы плэй-оф кваліфікацыі EURO’2020 ў Тбілісі саступіла камандзе Грузіі – 0:1. Адзіны гол гаспадары забілі з пенальці на 7-й хвіліне – вызначыўся Торніке Акрыашвілі. Такім чынам, беларусы скончылі шлях на EURO’2020. Грузія 12 лістапада згуляе на сваім полі ў вырашальным паядынку за пуцёўку ў фінальную частку кантынентальнага чэмпіянату з пераможцам сустрэчы ў Скоп’е паміж зборнымі Паўночнай Македоніі і Косава.

Кіраўнік МАК Томас Бах прыгразіў Беларусі санкцыямі

Кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Томас Бах заявіў, што супраць Беларусі могуць быць ужытыя санкцыі. Арганізацыя вядзе расследаванне „дыскрымінацыі беларускіх спартоўцаў за палітычныя погляды”. Па словах Баха, на адрас МАК прыйшло мноства паведамленняў аб умяшанні НАК Беларусі ў справы спартовых федэрацый, а таксама прыгнятаннях асобных спартоўцаў. Нацыянальны камітэт узначальвае Аляксандр Лукашэнка. МАК накіраваў ліст у НАК Беларусі з патрабаваннем пацвердзіць тое, што спартоўцы без ціску працягваюць падрыхтоўку да Алімпійскіх гульняў. У МАК лічаць, што ўмяшанне ў справы федэрацый могуць азначаць парушэнне Алімпійскай хартыі. На пасяджэнні выканкама МАК было вырашана правесці расследаванне. Калі яны пацвердзіць парушэнні хартыі, супраць Беларусі будуць ужытыя санкцыі.

Двух беларуcкіх хакеістаў выбралі на драфце НХЛ-2020

Беларускія хакеісты Яўген Аксянцюк і Ілля Салаўёў выбраны на драфце НХЛ-2020. Нападнік Яўген Аксянцюк выбраны ў 6-м раўндзе пад 162-м нумарам клубам „Далас Старз”, а Іллю Салаўёва, які выступае на пазіцыі абаронцы, выбраў клуб „Калгары Флэймз” пад 205-м нумарам (7-ы раўнд). Мінулы сезон Яўген Аксянцюк правёў у камандзе „Флінт Файрбёрдз” у лізе Антарыё (OHL). У 58 матчах на яго рахунку 78 (33+45) ачкоў пры паказчыку карыснасці „+13”. Ілля Салаўёў мінулы сезон правёў у лізе Антарыё за клуб „Сагіно Спірыт”. У 53 матчах на яго рахунку 40 (7+33) ачкоў пры 35 хвілінах штрафу і паказчыку карыснасці „+43”. 

„Астравец”: камандзе будзе прысуджана тэхнічная перамога над „Першым рэгіёнам”

7 кастрычніка павінен быў адбыцца матч 18-га тура чэмпіянату Беларусі ў другой лізе „Астравец” – „Першы рэгіён”. „У сувязі з адмовай каманды „Першы рэгіён” ад удзелу ў чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па футболе сярод каманд другой лігі, матч 18-га тура паміж камандамі ФК „Астравец” і ФК „Першы рэгіён” адменены. Камандзе ФК „Астравец” будзе прысуджана тэхнічная перамога з лікам 3:0″, – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы „Астраўца”.