Зборная Беларусі выйшла ў паўфінал ЧЕ па індор-хакеі ў Менску



Зборная Беларусі па індор-хакеі выйшла ў паўфінал чэмпіянату Еўропы, абыграўшы ў заключным матчы групавога этапу каманду Швейцарыі з лікам 7:0 (3:0, 1:0, 1:0, 2:0). У ранішняй праграме чэмпіянату Еўропы Чэхія перайграла Украіну – 5:4, Германія перамагла Бельгію – 7:3, а Нідэрланды перайгралі Аўстрыю – 5:0.

Такім чынам, у першым паўфінальным матчы беларусы сустрэнуцца з лепшай камандай групы А – Германіяй. Матч адбудзецца сёння ў 19.15. У другім паўфінале нідэрландкі паспрачаюцца з камандай Чэхіі.

Шаранговіч выканаў пераможны буліт, „Ліхай-Вэлі” Сушко саступіў „Правідэнсу”

Беларускі форвард „Бінгемтона” Ягор Шаранговіч рэалізаваў пераможны буліт у выязным матчы з „Сіракьюзам” (4:3Б). Мянчук стаў адзіным з гульцоў абедзвюх каманд, перайграў брамніка ў пасляматчавай серыі. „Ліхай-Вэлі” Максіма Сушко ў гасцях прайграў „Правідэнсу” (3:4). Беларускі форвард „фантомаў” не адзначыўся выніковымі баламі, выканаў два кідкі і зарабіў дзве хвіліны штрафу.

Францыя з золатам, Ірына і Віктар Крыўко паказалі 9-ы вынік у сінгл-міксце

У славенскай Паклюцы завяршылася адзіночная змешаная эстафета па біятлоне. Беларускі тандэм Ірыны і Віктара Крыўко паказаў 9-ы вынік. Лепшымі ў гэтай дысцыпліне былі французы Эмлен Жаклен і Анаіс Бяскон, другі вынік у эстонцаў. Трэцімі сталі аўстрыйцы.

Уладзіслаў Кулеш, Арцём Каралёк і Мікіта Вайлупаў могуць трапіць у каманду „All-star”

На афіцыйным сайце ЕГФ абвешчана галасаванне за лепшых гульцоў ЧЕ-2020 па амплуа. Заўзятары змогуць выбраць лепшых з 40 гульцоў, па пяць на кожнай пазіцыі – плюс лепшы абаронца. Канчатковы, афіцыйны склад каманды ўсіх зорак Еўра-2020 будзе разлічаны на аснове 40% галасоў, атрыманых заўзятарамі; астатнія 60% вызначаюцца групай экспертаў. Спіс кандыдатаў складаюць гульцы з усіх 12 краін, каманды якіх прайшлі ў асноўны раўнд. Тры гандбалісты прадстаўляюць Беларусь: Уладзіслаў Кулеш, Арцём Каралёк і Мікіта Вайлупаў.

У матчы накаўт-раўнда за алімпійскую пуцёўку жаночая зборная Беларусі прайграла Іспаніі

У Партугаліі працягваецца адборавы турнір алімпійскай кваліфікацыі на Токіо-2020 па настольным тэнісе. У стартавым матчы другога этапу накаўт-раўнда зборная Беларусі ў складзе Надзеі Багданавай, Дар’і Трыгалос і Кацярыны Баравок саступіла камандзе Іспаніі з лікам 2-3.

Нарвежскі вундэркінд Эрлін Холанд усталяваў рэкорд бундэслігі

Навабранец дортмундскай „Барусіі” Эрлін Холанд пабіў рэкорд нямецкай бундэслігі, забіўшы пяць галоў у двух першых матчах. Для гэтага яму не спатрэбілася выходзіць у стартавым складзе. Каб вызначыцца пяць разоў, 19-гадоваму нарвежцу спатрэбілася ўсяго 57 хвілін, і гэта таксама рэкорд. У дэбютным матчы Холанд аформіў хет-трык, калі выйшаў на замену ў выязным паядынку з „Аўгсбургу” (5:3). У хатняй сустрэчы з „Кёльнам” (5:1) ён правёў два галы, прычым таксама пасля выхаду з лаўкі запасных.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя