Зборная Беларусі выйшла ў паўфінал Лігі нацый



Для выхаду ў паўфінал першай у гісторыі футбольнай Лігі нацый, зборнай Беларусі ў заключным матчы адбору на выездзе дастаткова было не прайграць аўтсайдару – дружыне Сан-Марына. З гэтым заданнем каманда пад кіраўніцтвам Ігара Крывушэнкі разабралася без праблем.

У складзе Беларусі ў параўнанні з паядынкам у Люксембургу адбылася змена галкіпера – Андрэя Гарбунова замяніў на браме Сяргей Чэрнік.

Госці хутка прыбралі мяч да сваіх ног і дастаткова хутка адкрылі лік – вызначыўся ўдачлівы апошнім часам Станіслаў Драгун. Ішла толькі 8-я хвіліна сустрэчы. Голавы пас запісаў на свой рахунак Антон Сарока. 

У другім тайме Драгун адказаў партнёру па зборнай адэкватна – менавіта яго прастрэл на 53-й хвіліне без праблем замкнуў актыўны ў гэты дзень Антон Сарока. У сан-марынцаў асабліва небяспечных момантаў папросту не было.

У выніку перамога Беларусі з лікам – 2:0. У шасці матчах адбору зборная Беларусі не прапусціла аніводнага мяча.

У паралельным матчы групы Малдова і Люксембург разышліся мірам – 1:1.

Выніковае становішча зборных у квартэце такое: 1. Беларусь – 14 ачкоў, 2. Люксембург – 10, 3. Малдова – 9, 4. Сан-Марына – 0.  Патэнцыйныя супернікі Беларусі на стадыі плэй-оф – Грузія, Македонія і нехта з пары Косава-Азербайджан. На коне будзе стаяць пуцёўка ў фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы 2020 года.

Акрамя ўсяго, зборная Беларусі ў наступнай Лізе нацый атрымала падвышэнне ў класе – яна пяройдзе ў дывізіён „С”. 

Беларускае Радыё Рацыя