Зборная Беларусі займае 90-е месца ў рэйтынгу ФІФА



Зборная Беларусі апусцілася на 90-е месца ў рэйтынгу ФІФА. Бліжэйшыя сустрэчы выхаванцы Георгія Кандрацьева правядуць у пачатку кастрычніка: 8-га – у гасцях у Эстоніі, 11-га – дома з Чэхіяй. На рахунку беларускай каманды 1254 ачкі. Рэйтынг узначальвае зборная Бельгіі, на другім радку – Бразілія. Зборная Англіі апярэдзіла Францыю і паднялася на трэцяе месца.

 

Беларускія весляры выступяць мацнейшым складам на ЧС у Даніі

Нацыянальная каманда Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ выступіць у Капенгагене на чэмпіянаце свету ў мацнейшым складзе. Склад практычна той жа, што выступаў на Алімпійскіх гульнях у Японіі. У каманду дадаліся канаісты, якія не атрымалі ліцэнзіі на Гульні і Вольга Клімава, якая аднавілася пасля траўмы. 16-17 верасня на чэмпіянаце свету пройдуць кваліфікацыйныя заезды.

 

Сталі вядомыя паўфіналісты ЧЕ па валейболе сярод мужчынскіх каманд

Сталі вядомыя паўфіналісты чэмпіянату Еўропы па валейболе сярод мужчынскіх каманд. Зборная Славеніі перамагла каманду Чэхіі. Сустрэча завяршылася з лікам 3:0 (25:21, 25:19, 27:25) на карысць славенцаў. У паўфінале турніру зборная Славеніі згуляе з камандай Польшчы. У другім матчы за выхад у фінал будуць змагацца зборныя Сербіі і Італіі. Апенінцы абгулялі каманду Нямеччыны з лікам 3:0 (25:13, 25:18, 25:19). Паўфінальныя гульні пройдуць 18 верасня ў Катавіцэ (Польшча).

 

Кумана могуць звольніць з „Барселоны” ў выпадку няўдач у чатырох бліжэйшых гульнях

Галоўнаму трэнеру „Барселоны” Куману не гарантавана захаванне паста ў кастрычніку. У верасні каталонцы правядуць яшчэ чатыры матчы – з „Гранадай”, „Кадысам”, „Левантэ” ў чэмпіянаце Іспаніі і з „Бенфікай” у Лізе чэмпіёнаў. Калі на гэтым адрэзку каманда не даб’ецца станоўчых вынікаў, прэзідэнт „Барсы” Жоан Лапорту можа адправіць Кумана ў адстаўку. Паводле інфармацыі Deportes Cuatro, Лапорту было сорамна ад гульні „Барселоны” супраць „Баварыі” ў Лізе чэмпіёнаў.

 

Большасць заўзятараў хоча, каб ЧС праводзіўся часцей – раз у 2 гады

ФІФА абвясціла аб тым, што заўзятары падтрымліваюць правядзенне чэмпіянату свету часцей, чым раз у чатыры гады. У апытанні прынялі ўдзел 23 тысячы чалавек, 15 тысяч заявілі пра цікавасць да футбола і ЧС. Больш паглыблены апытанне, з удзелам 100 тысяч чалавек больш чым у 100 краінах, праводзіцца цяпер. На аснове папярэдніх дадзеных ФІФА паведамляе аб тым, што большасць фанатаў хацелі б, каб чэмпіянат свету праводзіўся часцей. З гэтай большасці вялікая частка за правядзенне турніру раз у два гады.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя