Зборная Германіі перамагла каманду Казахстана



Зборная Германіі перамагла каманду Казахстана ў першым матчы суцяшальнага раўнда моладзевага чэмпіянату свету – 4:0.

Серыя працягнецца да двух выйгрышаў, пераможца застанецца ў вышэйшым дывізіёне, а каманда, якая прайграла, будзе выступаць у першым. Другі матч пройдзе 4 студзеня. Калі спатрэбіцца трэцяя гульня, яна адбудзецца 5 студзеня.

Беларус стаў найлепшым брамнікам тыдня ў чэмпіянаце Украіны

Беларускі галкіпер „Данбаса” Сцяпан Гарачэўскіх прызнаны найлепшым гульцом тыдня ва Украінскай Хакейнай Лізе. Надзейная гульня Гарачэўскіх дапамагла данчанам перамагчы ў булітнай серыі „Крэменчуг” (3:2 Б). У гэтай гульні Сцяпан адбіў 26 кідкоў. Падчас булітаў беларус не прапусціў ні разу.

Валадзько пакінуў «Шахцёр»

Паўабаронца Аляксандр Валадзько пасля заканчэння тэрміну дзеяння кантракту пакінуў «Шахцёр», паведамляе Tribuna.com. У гэтым сезоне 33-гадовы хаўбек ні разу не згуляў за асноўны склад «гарнякоў».

Адама Траорэ ўсталяваў рэкорд чэмпіянатаў Англіі па колькасці паспяховых абводак за матч

Хаўбек „Вулвергэмптана” Адама Траорэ ярка правёў матч з чэмпіянату Англіі з „Уотфардам” (1:2). На рахунку 23-гадовага іспанца 15 паспяховых абводак. Гэта рэкорд прэм’ер-лігі з таго моманту, як статыстычнае бюро пачало збіраць адпаведныя дадзеныя ў сезоне-2006/07. Больш за тое, у пяці топ-лігах Еўропы ніхто не здзяйсняў такога ліку абводак за матч з лютага 2015 года, калі паўабаронца „Байера” Карым Бельарабі 17 разоў абыграў апанентаў у матчы з „Вердэрам”.

Сяргей Касціцын, Дзмітрый Дзярабін і Стэфан Эліат – у спісе траўмаваных менскага „Дынама”

Гульцы Сяргей Касціцын, Дзмітрый Дзярабін і Стэфан Эліат знаходзяцца ў спісе траўмаваных менскага „Дынама”. Пра гэта паведамляе hcdinamo.by. 30 снежня сталічная каманда, саступіўшы дома рыжскаму „Дынама” (0:2), абнавіла клубны антырэкорд ў рамках лігі – 12 паразаў запар. 3 студзеня Дынама згуляе з „Северсталлю” ў Чарапаўцы.

Ігар Стасевіч – лепшы распасоўшчык вышэйшай лігі за ўсе гады

Выхаванец барысаўскага футбола Ігар Стасевіч за 16 гадоў, праведзеных у беларускім элітным дывізіёне, аддаў 126 дзейсных перадач і ўпэўнена лідзіруе па гэтым паказчыку сярод усіх футбалістаў. На другім месцы Раман Васілюк, у якога 104 галявыя перадачы. Таксама Стасевіч уваходзіць у лік самых карысных футбалістаў (па сістэме „гол + пас»), дзе займае 4-е месца са 189 (63 + 126) баламі.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота © афіцыйны твітэр зборнай Германіі па хакеі