Зборная Іспаніі разграміла каманду Грузіі ў адборавым матчы Еўра – 2024
Матч каманд, якія выступаюць у групе „А”, завяршыўся з лікам 7:1. Гэта самая буйная параза ў гісторыі грузінскай каманды. У пераможцаў хет-трык аформіў Альвара Марата. Яшчэ адным героем паядынку стаў 16-гадовы Ламіна Ямаль. Выйшаўшы на замену ў канцы першага тайма, ён стаў самым маладым дэбютантам у гісторыі каманды La Furia Roja і вызначыўся ўзяццем брамы супернікаў. Дзякуючы эфектнай перамозе іспанцы выйшлі на другое месца ў групе. Лідыруючую пазіцыю займаюць шатландцы, якія выйгралі як у грузінаў, так і ў іспанцаў з аднолькавым лікам 2:0.

Валерый Грамыка працягне кар’еру ў маскоўскім „Тарпеда”
Такая інфармацыя размешчана ў афіцыйным тэлеграм-канале барысаўскага БАТЭ. 26-гадовы футбаліст стане аднаклубнікам яшчэ двух беларусаў Рамана Юзэпчука і Глеба Шаўчэнкі. У чэмпіянаце Беларусі Грамыка правёў за „жоўта-сініх” 15 матчаў, забіў восем мячоў і аддаў тры выніковыя перадачы. Таксама на яго рахунку гол і два асісты ў васьмі гульнях кваліфікацыйнага раунда Лігі чэмпіёнаў, Лігі Еўропы і Лігі канферэнцый.
Мінскае „Дынама”, ведучы ў ліку, саступіла ніжагародскаму „Тарпеда”
Сустрэча скончылася з лікам 4:6 не на карысць „зуброў”. Сталічны калектыў пацярпеў шостую паразу запар у матчах з аўтазаводцамі. У гаспадароў пляцоўкі асістэнцкі бал зарабіў беларускі галкіпер Іван Кульбакоў, які прапусціў чатыры шайбы. У гасцявой дружыне вызначыліся Сэм Энас, Вадзім Мароз, Віталь Пінчук і Цімафей Каўгарэня.
Салігорскі „Шахцёр” саступіў „Кузбасу”
Лік паядынку з кемераўскім клубам – 0:3. Далей гарнякі згуляюць сёння супраць „Югры-Саматлора” і заўтра з „Газпрам – Югры”. Матчы другога тура з удзелам «Шахцёра» пройдуць з 22 па 24 верасня ў Сургуце. Пераможца пройдзе напрамую ў ⅛ фіналу. Каманда, якая заняла другое месца, працягне выступы ў адборавым раундзе плэй-оф.
Зборная Германіі ўпершыню ў сваёй гісторыі прабілася ў фінал чэмпіянату свету
Суайчыннікі Дзірка Навіцкі перамаглі каманду ЗША з лікам 113:111. Самым выніковым гульцом сустрэчы стаў абаронца зборнай Германіі Андрэас Обст, які набраў 24 ачкі. У вырашальным матчы немцы будуць змагацца з сербамі, а амерыканцы з канадцамі разыграюць бронзу. Варта адзначыць, што нямецкая дружына застаецца адзінай, якая на гэтым планетарным форуме яшчэ не спазнала горычы паразы. У спісе пераможаных ёй баскетбалісты Японіі, Аўстраліі, Фінляндыі, Грузіі, Славеніі, Латвіі і ЗША.
Беларускае Радыё Рацыя
