Зборная Італіі выйшла ў фінал Еўра



Першы паўфінальны матч Еўра-2020 прайшоў позна ўвечары 6 ліпеня на брытанскім стадыёне „Уэмблі”. У бітве на Альбіёне сустрэліся дзве паўднёваеўрапейскія дружыны – Іспаніі і Італіі. На памяці заўзятараў фінал кантынентальнага першынства 2012 года. У тым паядынку ў Кіеве пірэнейцы разграмілі сваіх супернікаў з лікам 4:0. З таго часу шмат збегла вады, але ў складах дружын засталося па 2 чалавекі, якія бралі ўдзел у тым паядынку – Жордзі Альба і Серхіё Бускетс у іспанцаў і Леанарда Бануччы і Джорджа К’еліні ў італійцаў.

Сустракаліся дзве найбольш тэхнічныя каманды бягучага чэмпіянату і ад іх чакалі адпаведнай гульні. Насуперак прагнозам спецыялістаў, „фурыя роха” у першым тайме захапіла цэнтр поля і ціснула на апенінцаў высокім прэсінгам. Італія была не падобная сама на сябе. У цэлым першая палова гульні не была відовішчнай, каманды дастаткова шмат фалілі і здзейснілі мала стваральнага. У „скуадры адзурры” адчуваўся брак левага калідорнага Леанарда Спінаццолы, аднаго з лепшага гульцоў усяго турніру, які траўмаваўся ў папярэднім матчы. Яго замяніў Эмерсан і, што цікава, менавіта ён стварыў адзіную ў першай палове рэальную пагрозу браме іспанцаў.

У другім тайме справа пайшла куды весялей. Пры тым больш мячом валодалі іспанцы, а апенінцы небяспечна контратакавалі. На 60-й хвіліне акцыю, якую пачаў брамнік Данарума, працягнуў Чыра Імобіле, а эфектна завяршыў Федэрыка К’еза. Гэта ўжо другі яго гол на Еўра. Цікава, што на чэмпіянаце кантыненту ў 1996 годзе забіваў яго бацька Энрыке К’еза.

„Чырвоная фурыя”, аднак не здалася і ўпарта даводзіла сваё. Выйшаўшы на замену Альвара Марата ў выніку ўдалай „сценкі” выйшаў сам на сам з брамнікам і параўняў лічбы на табло – 1:1. Такім чынам абодва галы сустрэчы на рахунку футбалістаў турынскага „Ювентуса”.

У дадатковы час карціна гульні асабліва не змянілася. Зноў больш атакавалі іспанцы, а іх супернікі стараліся джаліць у адказ. Дадатковыя таймы галоў урэшце не прынеслі і зыход матча вырашаўся ў серыі пенальці. У гэтым кампаненце больш майстэрства выявілі італійцы, якія перамаглі 4-2.  

Італія 4-ы раз у сваёй гісторыі выйшла ў фінал еўрачэмпіянату. Іспанія правяла свой лепшы матч на турніры, але другі раз запар выйграць у серыі пенальці не змагла. Раней Іспанія заўсёды перамагала ў паўфіналах. Італія не прайграе ўжо 33 (!) матч запар – зайздросная серыя.

Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя